Збожжавае пагадненьне, якое прадугледжвае вываз харчаваньня з партоў Украіны, падоўжылі яшчэ на два месяцы. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, а таксама пацьвердзілі ў Кіеве і Маскве.
Тэрмін дзеяньня пагадненьня пасьля папярэдняга падаўжэньня заканчваўся 18 траўня. На новае падаўжэньне да апошняга моманту не пагаджалася Расея, высоўваючы дадатковыя патрабаваньні, сярод якіх:
- перападключэньне да сыстэмы SWIFT Расейскага сельскагаспадарчага банка,
- узнаўленьне паставак у Расею замежнай сельскагаспадарчай тэхнікі,
- разблякаваньне замежных актываў расейскіх кампаній, зьвязаных з вытворчасьцю,
- адмена абмежаваньняў на страхаваньне і доступ у парты для расейскіх суднаў і грузаў,
- узнаўленьне працы аміякаправода «Тальяці — Адэса».
На якіх умовах Масква ўсё ж пагадзілася падоўжыць пагадненьне, пакуль не паведамляецца.
Працяг дзеяньня пагадненьня пацьвердзіла МЗС Расеі. Яго афіцыйны прадстаўнік Марыя Захарава пры гэтым заявіла, што «нашы прынцыповыя ацэнкі стамбульскіх дамоўленасьцяў ад 22 ліпеня 2022 году пры гэтым не зьмяніліся, і перакосы ў іх выкананьні павінны максымальна хутка быць выпраўленыя».
Міністар разьвіцьця грамадаў, тэрыторыяў і інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў заявіў, што сьвет працягне атрымліваць украінскую прадукцыю «дзякуючы намаганьням нашых партнэраў па дамове — Турэччыны і ААН». Таксама ён адзначыў, што Расея зь сярэдзіны красавіка абмяжоўвала працу ініцыятывы, а з траўня, паводле яго, «фактычна заблякавала вываз харчаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абмеркавалі збожжавае пагадненьне і вайну ва Ўкраіне: Пуцін правёў тэлефонную размову з Эрдаганам- Пагадненьне, вядомае як Чарнаморская збожжавая ініцыятыва, Расея і Ўкраіна заключылі пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны ў ліпені 2022 году. Яно прадугледжвае мэханізм вывазу з украінскіх партоў збожжа і іншых харчовых тавараў. Тэрмін дзеяньня пагадненьня мусіў скончыцца 18 сакавіка.
- Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году да ліпеня парты Украіны былі цалкам заблякаваныя. ААН і многія краіны заяўлялі, што блякада экспарту прадуктаў харчаваньня з краіны можа прывесьці да глябальных наступстваў, аж да голаду ў самых бедных краінах.