Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен ня выключыў, што Вашынгтон можа прызнаць Расею краінай-спонсарам тэрарызму. Раней адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна адкрыта пярэчыла супраць гэтай меры.
Падчас слуханьняў у камітэце па асыгнаваньнях амэрыканскага Сэнату сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм спытаў Блінкена: «Вы ж ніколі ня ўключыце Расею ў сьпіс краінаў-спонсараў тэрарызму?».
«Ніколі не кажы ніколі», — сказаў Энтані Блінкен у адказ, перадае CNN.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША два сэнатары прадставілі законапраект аб прызнаньні Расеі краінай-спонсарам тэрарызму- У сьнежні 2022 году кангрэсмэны і сэнатары ЗША зьвярнуліся ў Белы дом з просьбай прызнаць Расею краінай-спонсарам тэрарызму. Кангрэс ЗША пачаў падрыхтоўку адпаведнага законапраекту, паводле якога прэзыдэнт ЗША зможа абвяшчаць краінай-агрэсарам любую дзяржаву, якая мае дачыненьне да нападу на Ўкраіну. Гаворка, адпаведна, можа ісьці ня толькі пра Маскву, але і пра яе нешматлікіх саюзьнікаў у гэтай вайне: Менск і Тэгеран. Ліндсі Грэм — адзін з суаўтараў гэтага законапраекту.
- Адміністрацыя Байдэна, аднак, выступае супраць гэтага рашэньня. Белы дом лічыць, што такое прызнаньне цалкам спыніць магчымасьці супрацоўніцтва з Расеяй у крытычных галінах і можа прынесьці праблемы ў адносінах зь дзяржавамі, якія гандлююць з Расеяй, напрыклад зь Індыяй.
- Зьнешняя палітыка ў ЗША знаходзіцца ў падпарадкаваньні выканаўчай улады, заканадаўцы ня могуць прымусіць адміністрацыю Байдэна да такога рашэньня.