Суд у Францыі пацьвердзіў вырак за карупцыю былому прэзыдэнту Сарказі. Але ў турму ён ня трапіць

Нікаля Сарказі, архіўнае фота

Суд у Францыі адхіліў апэляцыю былога прэзыдэнта Нікаля Сарказі на вырак у крымінальнай справе аб карупцыі.

68-гадовы Нікаля Сарказі ў сакавіку 2021 года быў прызнаны вінаватым у подкупе і гандлі ўплывам і пакараны трыма гадамі турмы, двума зь іх — умоўна.

Нікаля Сарказі — першы францускі прэзыдэнт, асуджаны на рэальны тэрмін зьняволеньня, аднак у турме ён не апынецца. Апэляцыйны суд дазволіў палітыку правесьці рэальны год зьняволеньня пад хатнім арыштам. Для кантролю за яго перамяшчэньнямі будзе выкарыстоўвацца электронны бранзалет, перадае газета Le Parisien.

У чацьвер фінансавая пракуратура Францыі запатрабавала судзіць Сарказі яшчэ ў адной крымінальнай справе — аб атрыманьні незаконнага фінансаваньня ад рэжыму былога лібійскага дыктатара Муамара Кадафі.

Былы прэзыдэнт Францыі адхіляе абвінавачаньні. Ён па-ранейшаму застаецца папулярным палітыкам у Францыі, адзначае тэлеканал France 24.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому прэзыдэнту Францыі Сарказі прысудзілі год турмы