Кіраўнік МЗС і віцэ-прэм’ер Этыёпіі Дэмэке Мэканэн 16 траўня сустрэўся ў Адыс-Абэбе зь беларускай дэлегацыяй. У дэлегацыю ўваходзяць сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітры Лукашэнка і бізнэсовец Аляксандар Зінгман.
У сваім паведамленьні пра сустрэчу МЗС Этыёпіі назвала Дзьмітрыя Лукашэнку ганаровым консулам Этыёпіі ў Беларусі.
Мэканэн лічыць, што настаў час, каб Этыёпія і Беларусь імкнуліся да ўмацаваньня двухбаковых сувязяў, у тым ліку ў сфэрах інвэстыцый, турызму, мэханізацыі сельскай гаспадаркі і здабычы карысных выкапняў.
Этыёпія займала 25-е месца ў сьпісе найбяднейшых краін Зямлі паводле Сусьветнага банку. Рэйтынг складалі ў 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як эліты забіраюць дапамогу ў бедных — дасьледаваньне Сусьветнага банкуАляксандра Зінгмана раней затрымлівалі ў Афрыцы, ён фігураваў у скандалах з пажарнай тэхнікай і здабычай золата ў Зымбабвэ. Міжнародная сетка журналістаў OCCRP правяла расьсьледаваньне таго, як Зінгман і сын набліжанага да Лукашэнкі Віктара Шэймана выкарыстоўвалі падстаўныя афшорныя кампаніі, каб схаваць выгадную дамову з золатаздабыўнай кампаніяй з Зымбабвэ.
Ганаровы консул — асоба, якая не знаходзіцца на дыпляматычнай службе дзяржавы, якую прадстаўляе, але выконвае консульскія функцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: OCCRP: былыя ізраільскія спэцслужбісты «адмывалі» ў сацсетках бізнэсоўца з атачэньня Лукашэнкі і яго дзейнасьць у Афрыцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прага ўлады як хвароба. Лукашэнка і прывід блізкага краху дыктатуры