«Практычна адначасова» ў Бранскай вобласьці пацярпелі крушэньне зьнішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-34, зьнішчальнік Су-35 і два верталёты Мі-8, іх экіпажы загінулі, паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на ўласныя крыніцы.
BAZA піша, што ўсяго загінулі 9 чалавек.
Паводле папярэдніх дадзеных, усе лятальныя апараты ўваходзілі ў адну авіягрупу.
«Зьнішчальнікі павінны былі нанесьці ракетна-бомбавы ўдар па цэлях на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, а верталёты іх падстрахаваць, каб у тым ліку падабраць экіпажы Су, калі яны будуць зьбітыя агнём суперніка», – піша выданьне.
«Па відэазапісах, выкладзеных у сацыяльных сетках мясцовымі жыхарамі, можна зрабіць выснову, што прынамсі адзін Мі-8, які ўпаў на ўскраіне горада Клінцы, быў зьбіты ракетай. Меркавалася, што пускі ажыцьцяўляліся зь зямлі, таму бранскую паліцыю ўзьнялі па трывозе, абвясьціўшы плян «Перахоп» для пошуку магчымых дывэрсантаў», – гаворыцца ў артыкуле.
Кіраўнік Бранскай вобласьці паведаміў пра крушэньне толькі аднаго верталёта, ТАСС – толькі пра адзін зьнішчальнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бранскай вобласьці ўпалі верталёт Мі-8 і зьнішчальнік Су-34