З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну на фронце загінулі сама меней 22 644 расейскія вайскоўцы, зь іх 2100 — змабілізаваныя. Іх асобы ўдалося вызначыць журналістам «Медиазоны» і расейскай службы ВВС.
На падставе зьвестак з адкрытых крыніц (нэкралёгаў у СМІ, паведамленьняў у сацсетках сваякоў загінулых і г.д.) журналісты выданьняў і валянтэры ўстанавілі, што 10 230 расейскіх вайскоўцаў загінулі ў пэрыяд зь 1 сьнежня 2022 году — даты, калі расейскае войска спрабавала разьвіць наступ у некалькіх раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей.
Больш за палову вайскоўцаў, якія загінулі за гэты час, складаюць добраахвотнікі, мабілізаваныя і зьняволеныя (агулам 5522 устаноўленых расьсьледавальнікамі вайскоўцаў).
Найбольш стратаў за апошнія месяцы прыпадае на атрады, складзеныя з асуджаных. Са сьнежня 2022 году сама меней 3100 зь іх загінулі пры спробе штурму Салядара і Бахмута. Як удалося высьветліць ВВС, з лютага большую частку завэрбаваных вязьняў пачалі накіроўваць не ў атрады ПВК «Вагнэр», а ў падразьдзяленьні так званых «народных міліцый» самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».
Сярод рэгіёнаў Расеі, паводле пацьверджаных журналістамі стратаў, працягваюць лідзіраваць Сьвярдлоўская вобласьць (869 загінулых), Краснадарскі край (850 загінулых) і Чалябінская вобласьць (737 загінулых). Вядома аб 142 загінулых з Масквы і 202 — з Санкт-Пецярбурга.
Рэальная лічба стратаў, паводле ацэнак расьсьледавальнікаў, можа быць сама меней удвая большая, таму колькасьць загінулых, паводле самай кансэрватыўнай ацэнкі, можа складаць каля 45 тысяч чалавек. Акрамя таго, невядомая колькасьць зьніклых бязь вестак і тых, хто трапіў у палон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнтар стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў: Расея губляе тэхніку, але здольная весьці працяглую вайну- Агульныя беззваротныя страты Расеі (колькасьць тых, хто выбыў са строю з прычыны раненьня або сьмерці ці прапаў бязь вестак) могуць складаць сама меней 203,3 тысячы чалавек. Гэтая лічба атрыманая на аснове назіраньняў Цэнтру ваенна-марскога аналізу ЗША, паводле якіх на кожнага загінулага расейскага вайскоўца падчас вайны ва Ўкраіне прыходзіцца ў сярэднім каля 3,5 параненых.
- Каардынатар па стратэгічных камунікацыях у Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі раней заявіў, што за апошнія 5 месяцаў Расея страціла ва Ўкраіне 20 тысяч забітымі, палова зь іх — «вагнэраўцы». Яшчэ каля 80 тысяч расейскіх вайскоўцаў былі параненыя ў баях на гэтым і іншых кірунках.
- Мінабароны РФ не раскрывае зьвесткі аб колькасьці загінулых у вайне з Украінай вайскоўцаў, добраахвотнікаў і зьняволеных. Апошні раз ведамства абвясьціла агульную колькасьць стратаў асабовага складу ў верасьні 2022 года — 5937 загінулых.
- Генштаб Узброеных сіл Украіны заяўляе, што агулам з 24 лютага 2022 году расейскае войска страціла каля 198 260 вайскоўцаў.
- Украіна таксама не раскрывае дадзеных пра свае страты. У сакавіку амэрыканская газэта The Washington Post са спасылкай на неназваных амэрыканскіх і эўрапейскіх чыноўнікаў напісала, што страты Ўкраіны ў вайне нібыта склалі 120 тысяч забітых і параненых вайскоўцаў. Сакратар парлямэнцкага камітэта нацыянальнай бясьпекі, абароны і выведкі Ўкраіны Раман Кастэнка назваў гэтую лічбу перабольшанай.