У Пінску пахавалі палітвязьня Мікалая Клімовіча

Мікалай Клімовіч. Архіўнае фота

У Пінску 12 траўня пахавалі палітвязьня, інваліда 2-й групы Мікалая Клімовіча.

Ахвотныя разьвітацца з Клімовічам, які памёр у калёніі ў гарадзкім пасёлку Віцьба (Віцебскі раён), маглі гэта зрабіць каля яго дому, на могілках ці на памінках, расказала BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

Паводле яе слоў, спачатку цела Клімовіча прывезьлі да яго дому, куды, сярод іншых, разьвітацца прыйшлі сваякі пінскіх палітвязьняў.

Пахаваньне, як і было заплянавана, адбылося на пінскіх могілках «Таргошыцы».

«Там было каля 20 чалавек, гэта сваякі і сябры Мікалая», — адзначыла крыніца.

Неабходныя на пахаваньне грошы сабралі з дапамогай фонду BySol за шэсьць гадзінаў.

Беларуская праваабарончая супольнасьць выступіла з патрабаваньнем расьсьледаваць сьмерць палітвязьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быў патрыётам Пінску, з блізкіх родных меў толькі сястру. Што вядома пра Мікалая Клімовіча, які памёр у віцебскай калёніі

Інсульт і складаную апэрацыю на сэрцы Клімовіч, які ў сацсетках падпісваўся Мікалаем Верасьнем, перанёс летась у траўні. Празь сем месяцаў, у сьнежні, яго затрымалі за рэакцыю «сьмешна» пад карыкатурай на Ўладзіміра Пуціна ў нацысцкай форме. Тады ў ізалятар часовага ўтрыманьня выклікалі хуткую дапамогу, дактары адвезьлі Клімовіча ў шпіталь. Пазьней яго аштрафавалі на 111 рублёў (3 базавыя велічыні). За тую ж «правіну» ў лютым ён атрымаў крымінальны тэрмін.

5 траўня Клімовіч быў уключаны ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

7 траўня сваякам паведамілі пра сьмерць 61-гадовага актывіста.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З нагоды сьмерці блогера Клімовіча ў віцебскай калёніі Эўразьвяз запатрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапарлямэнце ўнесьлі ў парадак дня дэбаты аб праблемах палітвязьняў у Беларусі