Тацяну Макляцову, выкладчыцу Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, разам зь яшчэ некалькімі калегамі затрымалі 29 красавіка.
«Наша ніва» з спасылкай на крыніцы ў Віцебску паведамляе, што ў той дзень затрымалі ад шасьці да васьмі супрацоўнікаў ВДТУ. Пакуль суд адбыўся толькі над Тацянай. Судзьдзя Першамайскага раённага суду Віцебску Алена Жук абвінаваціла выкладчыцу паводле двух артыкулаў — 19.11 КаАП і 24.23 КаАП. Па першым артыкуле на жанчыну склалі два пратаколы — за падпіскі на два «экстрэмісцкія» рэсурсы ў фэйсбуку, піша «Віцебская вясна».
Яшчэ адзін пратакол склалі за аватарку, на якой была рамка са словамі Янкі Купалы «Людзьмі звацца». Міліцыянты выказалі прэтэнзіі да белага і чырвонага колераў выявы.
Згодна з судовай пастановай суду, Тацяна Макляцова нібыта такім чынам публічна выказала свае грамадзка-палітычныя інтарэсы. У выніку — штраф разам паводле двух артыкулаў на 60 базавых велічынь (2 200 рублёў).
Калегі расказваюць, што некаторых з затрыманых 29 красавіка адпусьцілі ў той самы дзень пасьля складаньня пратакола, акрамя Тацяны Макляцовай і яшчэ адной супрацоўніцы, 67-гадовай выкладчыцы катэдры дызайну Натальлі Тарабукі. Трое сутак жанчыны правялі ў ІЧУ.
Праз 72 гадзіны жанчын адпусьцілі, але Натальля Тарабука не змагла трапіць на ўласны суд, бо апынулася ў шпіталі. Суд некалькі разоў пераносілі, апошняя прызначаная дата — 13 траўня. Натальлю Тарабуку таксама вінавацяць у распаўсюдзе так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Асудзіць маюць яшчэ загадчыцу катэдры канструяваньня і тэхналёгіі адзеньня і абутку, кандыдатку тэхнічных навук Натальлю Бадзялу і загадчыцу катэдры эканамічнай тэорыі і маркетынгу доктарку тэхнічных навук Галіну Яшаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 траўня: зноў затрымалі гомельскага актывіста Ільлю Міронава; адваката выключылі з калегіі пасьля арышту за лайкВерхнядзьвінскую актывістку Валянціну Болбат адправілі за краты на 30 сутак
Валянціну затрымалі 30 красавіка, але пасьля гэтага жанчыне стала дрэнна, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу, паведамляе «Вясна».
Днямі яна напісала ў фэйсбуку, што чакае суду паводле двух пратаколаў: па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). 12 траўня ейныя знаёмыя ў сацсетках паведамілі, што Болбат асудзілі да 30 сутак арышту. Вядома, што суд адбыўся 10 траўня ў судзе Верхнядзьвінскага раёна.
Напрыканцы 2022 года жанчыну ўжо тройчы асудзілі паводле адміністрацыйных справаў. Таму яна таксама мусіць сплаціць 130 базавых велічыняў, а таксама сплаціць грошы за ўтрыманьне ў ЦІПе. Вядома, што жанчына спрабавала ўзяць крэдыт на гэта, але ёй адмовілі.