Інфармацыю пра адкрыцьцё палаца дырэкцыя назвала недакладнай. Як выявілася, для агляду даступная толькі абмежаваная колькасьць памяшканьняў, а працы на тэрыторыі комплексу працягваюцца. У 2021 годзе ў гэтых працах браў удзел мастак Алесь Пушкін.
Пушкін — рэдкі ў Беларусі сэртыфікаваны спэцыяліст з рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і расьпісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касьцёлаў і цэркваў. Палац у Жылічах, які пачалі будаваць у 1825 годзе на загад бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака, Пушкін у 2021 годзе аднаўляў як супрацоўнік дзяржаўнай арганізацыі «Белрэстаўрацыя».
Праект рэстаўрацыі палаца распрацоўваўся з пачатку 2000-х гадоў, працы вяліся з 2009-га. Ужо праз два гады ўрачыста адкрылі першую чаргу — дзіцячую школу мастацтваў, музэй і бібліятэку. Трэці і чацьвёрты этапы рэстаўрацыі, у якіх браў удзел Пушкін, уключалі ў сябе аднаўленьне музэю, галерэі, інтэр’ераў палаца.
У дзень затрыманьня, 30 сакавіка 2021 году, за некалькі гадзін да прыезду сілавікоў, Пушкін быў акурат у Жылічах. Свабода ў той дзень патэлефанавала яму па камэнтар наконт ператрусу, які напярэдадні адбыўся ў ягоным доме ў Бабры.
«Я цяпер на рыштаваньнях, як нічога ніякага, працую, кладу золата ў палацы Ігнацыя Булгака, у залі № 17. У мяне рукі ў золаце, залачу антаблемэнт», — расказаў тады мастак, зь якім «Белрэстаўрацыя» на пачатку сакавіка падпісала гадавы кантракт.
«Мы адраджаем і капліцу, і мастацкую галерэю, усе інтэр’еры, хоць яшчэ многа працы наперадзе», — сказаў Пушкін.
Мастак дадаў, што ён задаволены рэстаўрацыяй, і пасьпеў яшчэ расказаць пра карцінную галерэю ў Жылічах, якую вывезьлі ў Расею.
«Партрэтная галерэя Булгакаў цяпер у гарадзкім мастацкім музэі гораду Арла. Вось, магчыма, Пуцін аддасьць арыгіналы Яна Дамеля сюды», — сказаў мастак.
У калекцыі Булгакаў былі ня толькі карціны, але і габэлены, дзясяткі арнатаў, 18 слуцкіх паясоў, шкло з гуты Радзівілаў, срэбра аўгсбурскай работы, шэраг францускіх і італьянскіх твораў з бронзы, барочныя люстэркі, сярэбраныя манстранцыі. Бібліятэка палаца Булгакаў налічвала больш за 7000 выданьняў, сярод якіх былі старадрукі XVI і XVII стагодзьдзяў. Спадзяваньні Пушкіна наконт вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў на радзіму ня спраўдзіліся.
Да рэстаўрацыі палаца ў Жылічах мастак працаваў пры аднаўленьні іншага важнага гістарычнага абʼекта — палаца Пуслоўскіх у Косаве, на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі. Ягоная група зь пяці мастакоў аднаўляла росьпісы Бальнай залі, зробленыя на пачатку XX стагодзьдзя мастаком Фэліксам Журкам.
Пра тое, наколькі ўнікальнай была праца Пушкіна ў Жылічах, можа сьведчыць і той факт, што начальства нават адмовілася звальняць мастака, хоць пра такія пляны калектыву ўжо было абвешчана.
«Дзіўная сытуацыя. Учора ўвечары сабраўся калектыў, праводзілі мяне. Але патэлефанаваў намесьнік гендырэктара і сказаў, што я застаюся на працы, — расказаў 30 сакавіка 2021 году Свабодзе Алесь Пушкін. — Але не выключаю, што і сюды, у Жылічы, прыедуць амапаўцы і будуць сьцягваць мяне за ногі з рыштаваньняў».
Менавіта так і сталася. Як расказаў у той дзень адзін з памочнікаў Пушкіна, да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі ён адмовіўся, чацьвёра скруцілі яго, вынесьлі з будынку на руках, паклалі ў машыну на жывот і завезьлі ў горадзенскую турму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не баіцца, акрамя Бога». Хто такі Алесь Пушкін, якога сёньня пачынаюць судзіцьУ выніку Пушкіну прысудзілі 5 год зьняволеньня, фармальна — за партрэт удзельніка антысавецкага супраціву пасьля ІІ сусьветнай вайны Аўгена Жыхара. Гэтую карціну ён намаляваў у 2012 годзе і неаднаразова перавозіў празь мяжу Беларусі з дазволу дзяржаўных органаў. Але ў сакавіку 2022 году суд у Горадні прызнаў карціну «рэабілітацыяй нацызму».
Пабачыць уклад Пушкіна ў рэстаўрацыю палаца ў Жылічах можна падчас экскурсіяў, якія праводзяцца па папярэднім запісе або пры наяўнасьці вольнага супрацоўніка. Музэй працуе ад серады да нядзелі з 9.00 да 18.00. Перапынак на абед — з 13.00 да 14.00. Каб заплянаваць візыт, музэй просіць зьвязвацца з дырэкцыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Другі раз тачку гною не павёз бы». Мастак Пушкін пра заслугі Лукашэнкі, Бабарыку і нацыяналізацыю «Евы»