«Заходнія дзяржавы, у тым ліку ЗША, забаранілі палёты расейскіх авіякампаній у сваёй паветранай прасторы. У выпадку аднаўленьня прамых авіязносін паміж Расеяй і Грузіяй гэта выкліча нашу занепакоенасьць і дазволіць увесьці санкцыі супраць грузінскіх авіякампаній, якія будуць абслугоўваць расейскія самалёты, што знаходзяцца пад імпартным і экспартным кантролем», – гаворыцца ў адказе Дзярждэпартамэнту.
У ведамстве падкрэсьлілі, што Захад асуджае дзеяньні РФ і лічыць, што «цяпер ня час паглыбляць адносіны з Расеяй».
«Грузінскаму народу трэба, каб Пуцін вывеў войскі з тэрыторыі Грузіі, акупаванай Расеяй, а не аднаўляў прамыя авіязносіны або адмяняў візавы рэжым», – дадалі ў ведамстве.
Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін 10 траўня падпісаў указы, паводле якіх Расея адновіць авіязносіны з Грузіяй, перапыненыя ў 2019 годзе па ініцыятыве расейскага боку, а таксама адменіць візавы рэжым для грамадзян Грузіі.
Прэзыдэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што гэта непрымальна, «пакуль Расея працягвае агрэсію супраць Украіны» і акупуе грузінскую тэрыторыю.
У Міністэрстве эканомікі Грузіі паведамілі, што гатовыя дазволіць прамыя рэйсы расейскіх авіякампаній і самалётаў, якія ня трапілі пад санкцыі, але пакуль расейскія перавозчыкі не падавалі такіх заявак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея аднавіла авіязносіны з Грузіяй і скасавала візавы рэжым. У Тбілісі назвалі гэта правакацыяй