У Віцебску жыхароў пачалі выклікаць на «прафіляктычныя гутаркі» ў райвыканкамы

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў Віцебску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году

Зь нядаўняга часу на «прафіляктычныя гутаркі» ў Віцебску пачалі выклікаць і ў райвыканкамы — там стварылі адмысловыя групы з ідэалягічных работнікаў «у межах барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам», паведамляе рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская Вясна».

Адна з такіх груп дзейнічае ў выканкаме Кастрычніцкага раёну Віцебску, расказаў праваабаронцам на ўмовах ананімнасьці адзін з асуджаных за падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы», якога выклікалі туды «на размову». Паводле мужчыны, позву на гутарку яму пад подпіс уручыла паштальёнка, там была дата і нумар кабінэта, куды трэба было «зьявіцца ў прызначаны час».

Мужчына расказаў праваабаронцам, што калі прыйшоў туды, да кабінэта ўжо стаяла невялікая чарга, таму ў выніку ён трапіў туды пазьней за прызначаны час. Запрашалі па адным, за дзьвярыма трое жанчын распытвалі кожнага, што здарылася, і ўшчувалі «за паводзіны». Тлумачылі, што іх пакаралі «заслужана», і раілі надалей «не паўтараць памылак».

У сярэднім гутарка працягвалася ня больш як 15–20 хвілін, з убачанага мужчына выказаў здагадку, што ў выканкамах ёсьць сьпісы зь месцамі жыхарства нядаўна асуджаных. Паводле яго, у чарзе былі і тыя, хто адбыў «суткі», і аштрафаваныя за адміністрацыйныя правапарушэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 траўня: у Менску судзяць былога спэцназаўца, якога затрымалі за дзень да ад’езду за мяжу

Паўнамоцтвы падобных ідэалягічных груп абмяжоўваюцца ўнутранымі распараджэньнямі выканкаму, які іх стварыў, адказнасьць за ігнараваньне падобных выклікаў не прадугледжаная, адзначаюць праваабаронцы. У той жа час, паводле праваабаронцаў, сьпісы «нядобранадзейных», верагодна, паступаюць зь міліцыі; імаверна, справаздача аб праведзеных гутарках таксама можа пайсьці туды.

Як адзначаюць праваабаронцы, «нядобранадзейных» у палітычным сэнсе беларусаў і раней выклікалі на гутаркі ў пракуратуру, Сьледчы камітэт або РАУС. Як правіла, падчас так званых «прафіляктычных гутарак» людзям нагадваюць пра ранейшыя «правіны» (затрыманьні і суды па адміністрацыйных «палітычных» артыкулах 24.23 КаАП або 19. 11 КаАП) і даюць падпісаць афіцыйнае папярэджаньне, што іх азнаёмілі з наступствамі парушэньняў парадку і правядзеньня масавых акцый або распаўсюду «экстрэмісцкіх матэрыялаў».