22 траўня пачнецца суд над Эдуардам Бабарыкам, ён пад вартай амаль 3 гады

Эдуард Бабарыка. Архіўнае фота.

Сын экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі Эдуард стаў рэкардсмэнам што да знаходжаньня ў СІЗА падчас папярэдняга сьледзтва.

22 траўня пачнецца суд над Эдуардам Бабарыкам, ён знаходзіцца пад вартай амаль 3 гады, паведамляе «Вясна».

Крымінальную справу будзе разглядаць Менскі абласны суд у выязным судовым пасяджэньні ў памяшканьні суду Менскага раёну. Першае судовае паседжаньне адбудзецца 22 траўня.

Эдуарда абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дапамозе ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы.

Эдуард Бабарыка быў кіраўніком ініцыятыўнай групы свайго бацькі як прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта. Затрымалі Эдуарда Бабарыку 18 чэрвеня 2021 году. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, пасьля яго перавялі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

Бацьку Эдуарда Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пакараньне ён адбывае ў Наваполацку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Эдуард Бабарыка трэці дзень народзінаў сустрэў за кратамі. Суду над ім не было
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кувалда як аргумэнт. Чаму ўлады катуюць Бабарыку