У Менскім гарадзкім судзе 11 траўня агучылі прысуд культурніцкаму мэнэджару, заснавальніку культавай крамы Symbal.by Паўлу Белавусу.
Судзьдзя Жанна Брысіна пакарала Паўла Белавуса 13 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна». Таксама Паўлу прысудзілі штраф у 18 500 рублёў, а ягоныя аўтамабіль і мабільны тэлефон, як сродкі ўчыненьня злачынства, канфіскавалі ва ўласнасьць дзяржавы. Яшчэ адзін аўтамабіль Паўла Белавуса, бытавая і кухонная тэхніка, ноўтбук пакінулі пад арыштам для выкананьня прысуду ў частцы спагнаньня штрафу.
Дырэктара Symbal.by судзілі з 20 лютага ў закрытым рэжыме. Яго прызналі вінаватым у «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем» (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу), «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады» (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
Белавуса ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Яго затрымалі 15 лістапада 2021 году. Суд над ім пачаўся ў лютым, і амаль адразу судзьдзя Жанна Брысіна зрабіла працэс закрытым.
Паводле самага цяжкаму артыкулу (здрада дзяржаве) Белавусу пагражала да 15 гадоў зьняволеньня.
Паводле Сьледчага камітэту, Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі».
Абвешчаны збор сям'і Белавуса
На волі ў Паўла Белавуса засталася жонка Кацярына і двое маленькіх дзяцей — Соф’я і Мірон. У сям’і Паўла канфіскавалі машыны, частку бытавой тэхнікі, уся маёмасьць у доме апісаная і можа быць канфіскаваная.
Фонд BySol абвясьціў збор у падтрымку сям'і Паўла. Сабраная сума пойдзе на аплату адвакатаў, а таксама на набыцьцё неабходных для жыцьця рэчаў і пакрыцьцё бытавых выдаткаў на сям'ю Паўла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі забіраюць сьцяг, мы падымаем мову». Што сказаў Павал Белавус у інтэрвію перад затрыманьнем. ВІДЭАХто такі Павал Белавус
Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.
«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.
(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка. — РС).
Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»
У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.
Зрабіў «вышымайкі» моднымі, папулярызаваў беларускую культуру
Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.
У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая пашырае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.
Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць заснавальніка Symbal.bу Белавуса, яго абвінавацілі ў «распаўсюджваньні ідэй беларускага нацыяналізму» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Паўла Белавуса, якога вінавацяць у «нацыяналізьме»