КДБ Беларусі заявіў, што прадухіліў шэраг тэрактаў пад 9 траўня

Іван Тэртэль

На АНТ выйшаў анонс «расьсьледаваньня», дзе раскажуць, як КДБ нібыта прадухіліў адразу некалькі тэрактаў у краіне.

У сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу АНТ заявілі, што «заказчыкам тэрактаў у Беларусі» нібыта было Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны, піша БЕЛТА.

Паводле сюжэту АНТ, які апісвае «Наша ніва», выбуховыя прылады былі замаскаваныя пад бытавыя прыборы, іх прывезьлі ў краіну з-за мяжы. У Беларусі іх нібыта атрымалі розныя людзі «з заданьнем» — «забраць і не задаваць лішніх пытаньняў».

У патрэбны час, як сьцьвярджаюць аўтары, пасылкі «павінны былі актываваць, каб справакаваць ахвяры і ўскалыхнуць сытуацыю ў краіне».

У сюжэце ўдзельнічае дацэнтка Інстытуту журналістыкі Аліцыя Пінюта.

2 траўня па выніках чарговай нарады сілавога блёку ў Лукашэнкі кіраўнік КДБ Іван Тэртэль прагназаваў значную эскаляцыю абстаноўкі і абяцаў паказаць прыклады прадухіленьня тэрактаў, працу контравыведкі і матэрыялы затрыманьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня КДБ Беларусі расказаў, з чым зьвязана ўзмацненьне кантролю на межах

9 траўня Тэртэль патлумачыў узмацненьне кантролю на межах Беларусі спробамі прадухіліць тэракты, якія плянуюцца ў краіне.

Напрыклад, стала вядома пра дадатковы надгляд і апытаньне некаторых асобаў, якія перасякаюць мяжу, на ўезьдзе ў Беларусь зь Літвы праз пункт пропуску «Каменны Лог». Таксама па прыезьдзе транспарту з боку Польшчы на беларускай мяжы ўважліва правяраюць асобных людзей, рэйсы праз гэта затрымліваюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ паведамляюць пра ўзмоцненыя праверкі на ўезьдзе ў Беларусь зь Літвы