У Менску пачынаюць судзіць інкасатара Яна Папковіча. Ян — былы інкасатар «Белгазпрамбанку» і былы спэцназавец, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ян звольніўся і зьбіраўся разам з жонкай і братам 3 верасьня 2022 году зьяжджаць у Польшчу, але напярэдадні, 2 верасьня 2022 году, яго затрымала група «Альфа». Падчас затрыманьня Яна моцна зьбілі, а стрэлам паранілі ягонага сабаку.
Яна паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе называлі яго наймітам, які нібыта зьбіраўся ехаць на вайну ва Ўкраіну. Яна абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні).
Суд над палітвязьнем распачынаецца 10 траўня. Справу разглядае судзьдзя Менскага гарадзкога суду Вера Галаўкова.
Беларуса асудзілі за тое, што сьпяваў гімн Украіны ў караоке
У пачатку красавіка ў Берасьці асудзілі мужчыну паводле арт. 24.23 КаАП, абвінаваціўшы ў тым, што ён, знаходзячыся ў мясцовым караоке-бары, прасьпяваў гімн Украіны, «чым публічна выказваў свае грамадзка-палітычныя інтарэсы», піша «Вясна».
Віны сваёй ён не прызнаў і патлумачыў, што дзейнічаў насуперак мужчыну, які прасіў не сьпяваць украінскіх песень. Вядома, што незадаволены мужчына — грамадзянін Расеі. Паводле яго сьведчаньняў, берасьцеец прасіў яго зьехаць зь Беларусі і сьпяваў без мікрафона гімн Украіны, нягледзячы на шматлікія просьбы гэтага не рабіць.
У выніку берасьцейца прызналі вінаватым у «пікетаваньні» і прызначылі яму 7 дзён адміністрацыйнага арышту.
Затрымалі аўтара тэлеграм-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси»
Аўтар тэлеграм-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси» Дзьмітры Сельвеструк быў затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, паведамляе тэлеграм-канал выданьня Tribuna.com Беларусь. Падрабязнасьці і прычыны яго затрыманьня не вядомыя.
Гомельскага актывіста Ільлю Міронава выклікалі ў РАУС на «прафіляктычную гутарку»
Пра гэта Ільля Міронаў паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Яго выклікалі на гутарку на 11 траўня а 10-й раніцы.
Раней актывіст падаў шэраг скаргаў на беларускіх прапагандыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 траўня: беларуса затрымалі за набітыя на целе Пагоню і герб Украіны