11 траўня агучаць прысуд заснавальніку крамы Symbal.by Паўлу Белавусу

Павал Белавус, архіўнае фота

Паводле самага цяжкага з выстаўленых артыкулаў («Здрада дзяржаве») Белавусу пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

У Менскім гарадзкім судзе 11 траўня ў 14:30 агучаць прысуд культурніцкаму мэнэджару, заснавальніку крамы Symbal.by Паўлу Белавусу. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла ягоная жонка.

Суд над бізнэсоўцам і дзеячом культуры праходзіць зь лютага ў Менску. Белавуса ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Яго затрымалі 15 лістапада 2021 году.

Суд над ім пачаўся ў лютым і амаль адразу судзьдзя Жанна Брысіна зрабіла працэс закрытым.

Паўла Белавуса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем).

Паводле Сьледчага камітэту, Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Паўла Белавуса, якога вінавацяць у «нацыяналізьме»

Хто такі Павал Белавус

Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.

(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка. — РС).

Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»

У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.

Зрабіў «вышымайкі» моднымі, папулярызаваў беларускую культуру​

Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.

У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая пашырае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.

Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палова „Валадаркі“ цяпер палітычная». Былая палітзьняволеная — пра мэтады КДБ і сустрэчы за кратамі зь Бяляцкім, Рабковай і Бабарыкам