Амэрыканскія праваахоўныя органы «нэўтралізавалі» праграмнае забесьпячэньне для кібэршпіянажу, падкантрольнае Фэдэральнай службе бясьпекі Расеі, паведаміла 9 траўня Міністэрства юстыцыі ЗША.
Апэрацыя пад кодавай назвай Medusa была накіраваная на падрыў глябальнай аднарангавай сеткі кампутараў, заражаных «складаным шкоднасным праграмным забесьпячэньнем» пад назвай «Зьмяя» (Snake), гаворыцца ў паведамленьні. Амэрыканскі ўрад зьвязвае яго з «Цэнтрам 16» ФСБ Расеі, які ў судовых дакумэнтах называецца Turla.
Як адзначае Мін'юст ЗША, Turla выкарыстоўвала вэрсіі Snake каля 20 гадоў для крадзяжу канфідэнцыйных дакумэнтаў з кампутараў сама меней у 50 краінах сьвету. Дакумэнты належалі ўрадам краінаў NATO, журналістам з гэтых краінаў і «іншым асобам, якія ўяўлялі цікавасьць для Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нябачны фронт: як хакеры бяруць удзел у вайне Расеі з Украінай — з абодвух бакоўПраграму нэўтралізавалі з дапамогай інструмэнта пад назвай Perseus, створанага Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў ЗША. 9 траўня суд у Нью-Ёрку дазволіў ФБР атрымаць дыстанцыйны доступ да заражаных кампутараў. Бюро таксама плянуе супрацоўнічаць з замежнымі ўрадамі, дзе выявілі праграму, адзначаецца ў паведамленьні Мін'юсту ЗША.
Заходнія чыноўнікі мяркуюць, што расейскі ўрад — сусьветны лідэр у галіне хакерскіх нападаў і што ён выкарыстоўвае кібэршпіянаж супраць замежных урадаў. Масква пасьлядоўна адмаўляе, што праводзіць хакерскія апэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група аналізу пагроз Google назвала шэсьць хакерскіх груповак, якія працуюць на Расею, у тым ліку адну беларускую