Ціханоўская папрасіла міністра адукацыі Польшчы зьберагчы беларускія ліцэі на Падляшшы

У ліцэі ў Гайнаўцы. Архіўнае фота

Некаторыя бацькі вучняў ліцэя ў Гайнаўцы (Падляскае ваяводзтва) сёлета ў лютым прапанавалі адмовіцца ад абавязковага вывучэньня беларускай мовы.

Сьвятлана Ціханоўская накіравала ліст міністру адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславу Чарнэку «з просьбай не дапусьціць ліквідацыі беларускіх ліцэяў на Падляшшы», паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК).

«Беларуская меншасьць у Польшчы заўсёды актыўна падтрымлівала рух да дэмакратычных перамен у Беларусі і ўнесла вялікі ўклад у захаваньне беларускай мовы і незалежнай беларускай культуры, якія сыстэматычна зьнішчаліся і зьнішчаюцца рэжымам Лукашэнкі», — зазначаецца ў лісьце.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні АПК Аліна Коўшык заявіла, што «беларускія ліцэі, якія дзейнічаюць там на працягу 70 гадоў і маюць вялікае значэньне для тамтэйшых беларусаў, з даволі фармальных прычынаў могуць быць зьліквідаваныя».

«І таму цяпер мы кансалідуем сілы, каб гэтага не адбылося. Спадзяюся, прадстаўнікі польскіх дзяржаўных ведамстваў адукацыі, зь якімі АПК ужо неаднаразова меў грунтоўныя і плённыя кантакты, вырашаць гэтае пытаньне на карысьць беларусаў», — сказала яна.

Інфармацыі пра магчымую ліквідацыю ліцэяў у афіцыйных крыніцах і польскіх СМІ няма.

Паводле зьвестак hajnowka.naszemiasto.pl, частка бацькоў вучняў ІІ ліцэя з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы (Падляскае ваяводзтва), дзе максымальная канцэнтрацыя этнічных беларусаў сярод мясцовага насельніцтва, у лютым прапанавала адмовіцца ад абавязковага яе вывучэньня.

Пытаньне разглядалася радай Гайнаўскага павету, але на той момант пра канкрэтныя вынікі не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вучацца беларускай мове ліцэісты ў Польшчы? Размова з настаўнікам з Гайнаўкі