Пакуль прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступаў з трыбуны на Краснай плошчы, гаварыў пра подзьвіг Савецкага Саюзу і пра гонар за расейскіх вайскоўцаў, якія сёньня ваююць супраць Украіны, Аляксандар Лукашэнка сядзеў на трыбуне паміж прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам і прэзыдэнтам Казахстанам Касымам-Жамартам Такаевым.
Ягоны выгляд, як адзначылі палітычныя аналітыкі, быў надзвычай сумным. У кулюарах сталі гаварыць, што Лукашэнка прыляцеў у Маскву хворым, пра хваробу сьведчыў ягоны сіплы голас у час апошніх публічных выступаў.
Пасьля завяршэньня скарочанай часткі вайсковага параду на Краснай плошчы кіраўнікі краін адправіліся ў Аляксандраўскі сад, дзе знаходзіцца магіла Невядомага салдата. Да саду адтуль 850 мэтраў, да магілы яшчэ меней, аднак прэс-служба Крамля прадэманстравала відэа, на якім Лукашэнка просіць Пуціна не ісьці разам з усімі ў сад, а адправіцца туды на машыне.
Пры гэтым толькі прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон начапіў на парад «георгіеўскую» стужку. Прэзыдэнты Ўзбэкістану і Кіргізстану надзелі разэткі ў нацыянальных колерах, а Лукашэнка — чырвона-зялёную зь яблыневым цьветам, які некалькі гадоў таму зрабіў сымбалем 9 траўня ў Беларусі.
Як сьведчаць кадры дзяржаўнай расейскай прэсы, у Лукашэнкі была перабінтаваная правая рука. Прычына невядомая, як і падрабязнасьці пра стан ягонага здароўя.
Лукашэнка далучыўся да іншых палітыкаў ужо ў Аляксандраўскім садзе. На сьняданку, які зладзіў Уладзімір Пуцін, Лукашэнкі бачна не было.
У Менску на 19:00 перанесьлі ўскладаньне кветак да манумэнту на плошчы Перамогі, у ім звычайна бярэ ўдзел Аляксандар Лукашэнка з сынамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сёлетнім парадзе ў Маскве ўдзельнічала ў чатыры разы меней тэхнікі, чым да вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запрашэньне, ад якога немагчыма адмовіцца. Пуцін спрабуе паказаць, што ён не ў адзіноце