У парадзе на Краснай плошчы ў Маскве 9 траўня прыняло ўдзел істотна менш адзінак баявой тэхнікі, чым у папярэднія гады. Падлікі вёў на падставе тэлевізійнай трансьляцыі аналітык Олівэр Аляксандэр.
Паводле яго дадзеных, усяго па Краснай плошчы сёлета праехала толькі 51 адзінка тэхнікі. Яшчэ летась — калі парад ужо быў скарочаны ў параўнаньні з часам да расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну — у парадзе ўдзельнічала 131 баявая машына. У 2021 годзе іх было 197. Гэта сьведчыць пра скарачэньне ў параўнаньні з апошнім даваенным годам амаль у чатыры разы.
Сам парад працягваўся каля 45 хвілін, у тым ліку аб’езд войскаў і выступ Уладзіміра Пуціна. У ранейшыя гады працягласьць парадаў даходзіла да паўтары гадзіны, аднак тады парад уключаў і паветраную частку, якая сёлета была адменена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль Пуцін прымаў парад, кіраўнік ПВК «Вагнэр» заявіў, што яму так і не далі боепрыпасаўОлівэр Аляксандэр, як і многія іншыя камэнтатары, зьвярнуў увагу на адсутнасьць на парадзе сучасных танкаў. Бязь цяжкай бранятэхнікі парад прайшоў упершыню з 2007 году.
Праход тэхнікі адкрыў танк часоў Другой сусьветнай Т-34, за імі праехалі лёгкія баявыя машыны — «Тыгры», затым «Уралы» і БМП «Бумэранг», таксама па правезлі ракетныя комплексы «Іскандэр», С-400 і тры міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты «Ярс». Праход вайсковай тэхнікі на парадзе заняў менш за 10 хвілін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне не выключаюць, што Іран можа перанесьці вытворчасьць вайсковых дронаў у БеларусьУ ранейшыя гады праходжаньне тэхнікі займала істотна больш часу, пры гэтым дэманстраваліся сучасныя танкі «Армата» і іншыя машыны, якія ня маюць, паводле камэнтатараў, аналягаў у свеце. Пры гэтым у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, як адзначалі многія каментатары, гэтая тэхніка або ня ўдзельнічала зусім, або прысутнічала на фронце ў вельмі абмежаванай колькасьці.
Як адзначыла выданьне «Агенцтва», у парадзе прынялі ўдзел каля васьмі тысяч чалавек, гэта мінімальная колькасьць удзельнікаў з 2008 году. Летась у парадзе ўдзельнічалі 11 тысяч вайскоўцаў. Як піша «Агенцтва», на Красную плошчу на гэты раз ня выйшлі парадныя разьлікі адразу некалькіх воінскіх злучэньняў, якія былі прадстаўлены летась і якія традыцыйна ўдзельнічаюць у парадах. Не было вайскоўцаў 4-й гвардзейскай танкавай Кантэміраўскай дывізіі і Таманскай дывізіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін на парадзе ў Маскве заявіў пра гонар за ўдзельнікаў вайны супраць Украіны. Лукашэнка сядзеў на трыбуне. ФОТА