Польскія перавозчыкі з 9 траўня пачнуць блякаваць пад’езд да адзінага грузавога пункту пропуску на мяжы зь Беларусьсю

Памежны пераход «Карошчын — Казловічы», архіўнае фота. 2014 год

Польскія перавозчыкі з 9 траўня пачнуць блякаваць рух фураў праз памежны пераход «Карошчын — Казловічы» на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта са спасылкай на газэту Rzeczpospolita паведамляе zerkalo.io.

Гэтак польскія транспартнікі хочуць выказаць сваю нязгоду з «захопам рынку аўтамабільных грузаперавозак на ўсход беларускімі і расейскімі кампаніямі». Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпам зь беларускай і расейскай рэгістрацыяй, прыпыніць дзейнасьць беларускіх і расейскіх кампаній пад польскім прыкрыцьцём і абмежаваць ільготы для ўкраінскіх перавозчыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі памежны камітэт абвінаваціў Польшчу ў стварэньні «транспартнага каляпсу»

Блякада тэрміналу «Карошчын» пачнецца ў 13.00 па менскім часе. Дазвол на пратэст мясцовыя ўлады ім выдалі да 9 чэрвеня.

Аналягічная акцыя польскіх транспартнікаў 4 траўня стартавала паблізу пункту пропуску «Дарахуск» каля мяжы з Украінай. Там польскія фуры заблякавалі рух і прапускаюць па адной фуры за гадзіну. Гэта прывяло да значнага павелічэньня чаргі і часу прастою.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 16.00 8 траўня, у пункце пропуску «Казловічы» выезду ў Польшчу чакаюць 120 фураў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу павялічваюцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Польшчы: «Як толькі Пачобута вызваляць, назаўтра мы адкрыем пераход „Баброўнікі“»

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.