Прэзыдэнт Узбэкістана Шаўкат Мірзіёеў абʼявіў аб правядзеньні датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Аб гэтым ён заявіў падчас сустрэчы, якая была прысьвечана вынікам рэфэрэндуму аб унясеньні паправак да Канстытуцыі. У прынятай на гэтым рэфэрэндуме новай рэдакцыі Асноўнага закона прэзыдэнцкі тэрмін павялічаны зь пяці да сямі гадоў, што дае магчымасьць Шаўкату Мірзіёеву і надалей заставацца ва ўладзе.
Шаўкат Мірзіёеў расказаў, чаму было прынятае такое рашэньне і чаму ён «адмаўляецца ад трох з паловай гадоў свайго прэзыдэнцкага тэрміну».
«Вы самі бачыце, згодна з нашым Асноўным законам, па-першае, рэфармуюцца ўсе галіны ўлады, паміж імі сурʼёзна мяняюцца адносіны і балянс. Па-другое, абноўленая Канстытуцыя ставіць перад прэзыдэнтам, парлямэнтам, урадам, міністрамі неадкладныя новыя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя задачы», — прыводзіць яго словы Gazeta.uz.
Пазьней ён падпісаў указ аб правядзеньні выбараў не пазьней за 9 ліпеня 2023 года.
Абнуленьне і павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміна
Як будзе выглядаць канчатковы праект Канстытуцыі Узбэкістану:
З ініцыятывай унесьці зьмены ў Канстытуцыю краіны Мірзіёеў выступіў у сьнежні 2021 году. Дырэктар Central Asia Due Diligence Алішэр Ільхамаў раней гаварыў, што зьмена Канстытуцыі ў першую чаргу робіцца для Мірзіёева, каб даць яму магчымасьць «абнуліць цяперашнія тэрміны і ісьці на новыя два», гэтак жа, як гэта раней зрабіў Уладзімір Пуцін у Расеі.
Па дадзеных ЦВК краіны, праект папраўкі да Канстытуцыі Ўзбэкістану на рэфэрэндуме падтрымалі 90,2%, або 15,034 млн чалавек, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні. Яўка склала 84,54%, ці 16,6 млн грамадзян Узбэкістану. Пастановай ЦВК ад 1 траўня новая рэдакцыя Канстытуцыі ў адпаведнасьці з заканадаўствам набыла моц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўзбэкістану заявілі, што большасьць насельніцтва прагаласавала за павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Узбэкістана мяняе Канстытуцыю праз рэфэрэндум. Калі папраўкі прымуць, ён зможа заставацца ва ўладзе да 2040 года