Трэнэр горадзенскай каманды «Нёман» стаў на абарону рэпрэсаваных гульцоў

Ігар Кавалевіч

Галоўны трэнэр футбольнай каманды Ігар Кавалевіч выступіў за вяртаньне гульцоў, якіх адхілілі ад футболу за палітычныя погляды.

Галоўны трэнэр горадзенскага «Нёмана» Ігар Кавалевіч выказаўся за спыненьне рэпрэсій супраць футбалістаў. Раней па распараджэньні міністра спорту Сяргея Кавальчука пры міністэрстве стварылі адмысловую камісію, якая вырашае, ці дапускаць гульцоў да матчаў.

Сярод іншага правяраюць стаўленьне футбалістаў да падзей у краіне, ці падпісваліся яны за спыненьне перасьледу беларусаў. Пад забарону трапілі спартоўцы, якія адкрыта выказваліся супраць рэпрэсій.

«Магу праз вашу перадачу папрасіць Міністэрства спорту або пракуратуру. Трэба амніставаць людзей. Яны не зрабілі злачынстваў перад беларускім народам. У нас ёсьць праблемы. Хлопцы трэнуюцца, апантаныя, яны нікуды ня зьехалі, хоць былі прапановы», — сказаў Кавалевіч у камэнтары тэлеканалу «Беларусь-5».

Ігар Кавалевіч быў падпісантам ліста ў падтрымку ўладаў, які раней настойліва прасіла падпісаць Міністэрства спорту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы генэральны дырэктар БАТЭ: Што разбурыла беларускі футбол і як футбалістам пачаць перамагаць

Пасьля рэпрэсій у Беларусі пасьля пратэстаў 2020 году некаторыя футбалісты нават траплялі за краты. Напрыклад, гулец расфармаванай «Гарадзеі» Расьціслаў Шавель, якога ў 2021-м асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у маршах пратэсту.

Нападнік Ільля Шкурын адправіўся за мяжу і адмовіўся выступаць за зборную Беларусі да моманту, пакуль ня зьменіцца ўлада. Паўабаронца Арцём Васькоў, які шмат гадоў выступаў у Найвышэйшай лізе, адправіўся ў Польшчу і заявіў, што застаецца пры сваёй пазыцыі. У той жа час шэраг іншых падпісантаў ліста за новыя выбары пасьля ціску падпісаў ліст у падтрымку ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трыбуна»: Мінспорту склала «чорны сьпіс» з паўсотні футбалістаў, якім забаронена працаваць у Беларусі