Паводле яго, «апэрацыя пад фальшывым сьцягам» з боку Расеі магла б быць «накіравана на ўцягваньне беларускай арміі ў вайну супраць Украіны».
Юсаў падкрэсьліў, што «такога роду правакацыі акупанты выкарыстоўваюць з 2014 года, і ня выключана, што мы іх убачым зараз».
«Ніхто, ні ва Ўкраіне, ні ў астатнім сьвеце больш не паверыць у такія відовішчы. Хаця гэта не значыць, што ня будзе правакацый», — дадаў ён.
Ніякіх доказаў сваім словам ён не прывёў.
Тым часам Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі прагназуе «значную эскаляцыю абстаноўкі» па перымэтры Беларусі, заявіў кіраўнік спэцслужбы Іван Тэртэль 2 траўня пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
«Не спыняюцца спробы дэстабілізацыі сытуацыі ўнутры нашай краіны. Гэта найперш цэнтры за мяжой, якія плянуюць гэтую дзейнасьць пры непасрэднай падтрымцы куратараў, у тым ліку з замежных спэцслужбаў», — адзначаў ён.
Паводле старшыні КДБ, на тэрыторыі Беларусі плянуецца «шэраг сур’ёзных акцый».
У адпаведнасьці з указаньнем Лукашэнкі, сказаў Тэртэль, будзе прыняты «шэраг захадаў, зьвязаных з узмацненьнем жорсткасьці контрвыведвальнага рэжыму».
На нарадзе Лукашэнка заявіў, што побач з Беларусьсю «нарошчваецца вайсковы патэнцыял NATO, адбываюцца правакацыі на мяжы».
«Становішча нас прымушае рэагаваць на тую сытуацыю, якая складваецца, — зазначыў ён. — Таму было даручана ўраду, сілавому блёку падрыхтаваць сурʼёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай недапушчэньня на тэрыторыю Беларусі рознага роду дывэрсантаў. Апошнім часам такія выпадкі пачасьціліся».
5 траўня ўлады Беларусі ўвялі пашпартны кантроль на мяжы з Расеяй, правяраюць дакумэнты ў тых, што прыяжджае з расейскай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўезьдзе ў Беларусь з Расеі ўвялі пашпартны кантроль, спасылаюцца на пагадненьне, якое яшчэ ня дзейнічаеРаней Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў, што з тэрыторыі Ўкраіны і краін NATO плянуецца напад на Беларусь. 28 красавіка падчас паездкі ў Ветку (Гомельская вобласьць) ён зьмяніў прывычную рыторыку і заявіў: «Ніхто на нас нападаць не зьбіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі, зь якімі я сустракаюся, яны мне гавораць: «Да вас ні ўкраінцы, ні палякі не зьбіраюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адгарадзіцца ад непрадказальнага саюзьніка. Навошта Лукашэнка ўводзіць кантроль на мяжы з Расеяй