«Вясна»: У калёніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч

Мікалай Клімовіч

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў віцебскай калёніі № 3 памёр палітзьняволены блогер зь Пінску Мікалай Клімовіч.

Яго асудзілі да году калёніі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку. Прысуд вынес судзьдзя Пінскага раёну і гораду Пінску Андрэй Бачыла на прапанову пракурора Ільлі Гузарэвіча. Мікалая Клімовіча асудзілі, нягледзячы на тое, што ён меў інваліднасьць II групы па сэрцы. Яго арыштавалі ў залі суду, бо да прысуду ён быў на волі.

Мікалая нядаўна этапавалі ў віцебскую калёнію № 3, дзе ён у неўзабаве памёр. Правабаронцы спрабуюць высьветліць падрабязнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пінскага блогера Клімовіча, інваліда ІІ групы, пакаралі калёніяй за карыкатуру на Лукашэнку

Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў сьнежні летась. Яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, пасьля яму стала дрэнна ў сувязі з хваробай сэрца. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэньне і вызвалілі да суду. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу ў сатырычным малюнку, які ён разьмясьціў у сацыяльнай сетцы.

Раней Мікалая Клімовіча ўжо судзілі за падобныя дзеяньні, але ў адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. Падставай стала тое, што ў сацсетцы «Одноклассники» Клімовіч дазволіў сабе пасьмяяцца з карыкатуры на Ўладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме — пад карыкатурай паставіў смайлік «сьмешна». Той самы судзьдзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сымболікі і прызначыў яму штраф памерам у 111 беларускіх рублёў.