Пра гэта паведамляюць расейскія дзяржаўныя генцтвы са спасылкай на экстраныя службы. Факт выбуху пацьвердзілі ў МУС Расеі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку выбуху машыны загінуў кіроўца пісьменніка, сам Прылепін паранены, яму надаюць мэдыцынскую дапамогу. Паводле крыніцы РІА «Новости» ў сілавых структурах, Прылепін атрымаў пераломы і страсеньне мозгу. Пры гэтым прэс-служба Прылепіна заявіла, што зь пісьменьнікам «усё ў парадку».
У Ніжагародскай вобласьці затрымалі мужчыну, які можа мець дачыненьне да падрыву аўтамабіля, паведамляе МУС Расеі. Тым часам Сьледчы камітэт РФ кваліфікаваў замах на Прылепіна як тэракт і завёў крымінальную справу.
«Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцы ў экстраных службах паведаміў, што аўтамабіль, у якім знаходзіўся Прылепін, узарваўся падчас руху. «Асноўная вэрсія — падрыў самаробнай выбухной прылады на радыёкіраваньні», — паведамілі крыніцы. Паводле папярэдніх зьвестак, у дно машыны была закладзеная самаробная выбухная прылада.
РБК сьцьвярджае, што Прылепін толькі сёньня раніцай вярнуўся з падкантрольных Расеі тэрыторый Украіны і ехаў у Ніжагародзкую вобласьць да сям’і.
Захар Прылепін — вядомы расейскі пісьменьнік, адзін зь лідэраў партыі «Справядлівая Расея — за праўду» (быў у 2021 годзе абраны ў Дзярждуму, але адмовіўся ад мандата). З 2014 года займае рэзка антыўкраінскую пазыцыю, нейкі час ваяваў на баку сэпаратыстаў «ДНР». Увосень мінулага гады паведамлялася, што ён ізноў адправіўся на вайну ва Ўкраіну ў складзе Расгвардыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Украіне пачалі крымінальную справу супраць расейскага пісьменьніка Прылепіна, які паехаў ваяваць ў «ДНР»