У Ваўкавыскім раёне сфармавалі атрады народнага апалчэньня. Мінабароны расказала, чым яны займаюцца

У двух сельскіх выканаўчых камітэтах Ваўкавыскага раёна ўпершыню сфармавалі атрады народнага апалчэньня, паведаміла Мінабароны Беларусі.

Паводле ведамства, атрады «забясьпечваюць грамадзкі парадак падчас комплекснай праверкі баявой гатоўнасьці Узброеных сіл, а таксама бясьпеку руху вайсковых калёнаў».

27 траўня кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне. У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».

Паводле разьлікаў Міністэрства абароны, у народнае апалчэньне могуць увайсьці 100-150 тысяч чалавек. Пры гэтым у ведамстве не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць болей.

26 лютага старшыня Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што чальцам «народнага апалчэньня» выдадуць стралковую зброю.

У сакавіку Савет бясьпекі ўхваліў праект закону «Аб народным апалчэньні». Міністру абароны Беларусі было даручана цягам месяца накіраваць дапрацаваны праект закону аб народным апалчэньні ў Савет Міністраў для яго наступнага ўнясення ў Палату прадстаўнікоў. Сам закон пакуль не прыняты.