Качанава прапанавала аддаваць у манастыры дзяцей, якіх адабралі ў бацькоў — «як у Расеі»

Натальля Качанава

Магчымасьць арганізацыі пры манастырах прытулкаў для дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў, старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава абмеркавала з кіраўнікамі дзяржаўных органаў і Беларускай праваслаўнай царквы.

Качанава расказала, што ідэю перадаваць абараных у бацькоў дзяцей у манастыры яна «пазычыла» ў Расеі.

«Падчас майго візыту ў Маскву мы дамовіліся са старшынёй Савета Фэдэрацыі Валянцінай Іванаўнай Мацьвіенкай, што наведаем Пакроўскі манастыр. Матухна Феафанія нам паказала прытулак для дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. У Расеі дазволена пры манастырах ствараць прытулкі. У прыватнасьці, у Пакроўскім манастыры ўжо дастаткова вялікі досьвед працы зь дзецьмі. Наступная сацыялізацыя выхаванцаў прытулку паказвае пасьпяховыя вынікі», — цытуе Качанаву прэс-служба Савета Рэспублікі.

Удзельнікі нарады абмеркавалі магчымасьці стварэньня такіх прытулкаў у Беларусі, заканадаўчага рэгуляваньня іх дзейнасьці, вызначэньня крыніц фінансаваньня, а таксама гатоўнасьці манастыроў да арганізацыі такіх установаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачку фігурантаў «пінскай справы» зьмясьцілі ў дзіцячы прытулак. Яе маці напісала ў судзе: «Я павешуся»

Горадзенская прарасейская актывістка Вольга Бондарава напісала, што першым такім прытулкам «абраны Горадзенскі манастыр». Ускосна яе словы пацьвярджаюцца тым, што на апублікаваных прэс-службай Савета Рэспублікі фатаздымках з сустрэчы прысутнічае ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла, скандальна вядомая тым, што раней называла апанэнтаў улады «дэманамі» і «сэктантамі», частавала сілавікоў УУС Горадзенскага аблвыканкаму тортамі, дзякуючы ім «за тое, што яны ў нас ёсьць».

Бондарава горача падтрымала ідэю Качанавай і выказала спадзяваньне на тое, што разам з адкрыцьцём такіх прытулкаў у манастырах у Беларусі «такі закрыюць усе гэтыя шэлтэры, СОС-дзіцячыя вёскі і іншыя сховішчы і „пакоі, дружалюбныя падлеткам“, арганізаваныя НДА з замежным фінансаваньнем якія рэалізуюць у Беларусі заходнюю нэалібэральную павестачку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў 2020-га ў Беларусі ліквідавалі амаль 1300 некамэрцыйных арганізацый Пачынаючы з 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі некаторым удзельнікам пратэстаў, сярод іншага, неаднойчы пагражалі забраць дзяцей у прытулак, многія зь іх праз гэты вымушана зьехалі за мяжу. У тым ліку пра пагрозу пазбавіць іх бацькоўскіх правоў расказваў былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала, ягоная жока Вераніка казала, што найперш гэта вымусіла іх пакінуць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд разглядае справу аб ліквідацыі арганізацыі для дзяцей «Сьвет цесны»