Нямецкі ўрад не запрасіў прадстаўнікоў Беларусі і Расеі на памятныя мерапрыемствы, зьвязаныя з Другой сусьветнай вайной

Дзяўчынка на мэмарыяле Другой сусьветнай вайны каля Брандэнбурскай брамы ў Бэрліне, сакавік 2007 году

Урад Нямеччыны не запрашае прадстаўнікоў Беларусі і Расеі на памятныя мерапрыемствы, зьвязаныя з Другой сусьветнай вайной. Пра гэта гаворыцца ў адказе кабінэту на запыт дэпутатаў Бундэстагу ад фракцыі левых.

Запыт тычыўся мерапрыемстваў, якія праводзіць урад з нагоды чарговых гадавінаў вызваленьня ад нацызму і нападу на СССР, а таксама ўдзелу прадстаўнікоў Нямеччыны ў падобных мерапрыемствах у Расеі і Беларусі з улікам вайны ва Ўкраіне і ўзаемных санкцыяў.

«З пункту гледжаньня фэдэральнага ўраду, цяперашні расейскі ўрад дыскрэдытаваў сваю легітымнасьць у якасьці партнэра ў дачыненьні да ўвекавечваньня памяці і расьсьледаваньня нацысцкіх злачынстваў з-за сваёй агрэсіўнай вайны супраць Украіны, якая парушае міжнароднае права, і зьвязаных з гэтым прапагандай, якая скажае гісторыю, і кампаніямі дэзынфармацыі для апраўданьня вайны. На гэтым фоне цяпер не накіроўваюцца запрашэньні прадстаўнікам дзяржаўных або зьвязаных з дзяржавай органаў з Расеі або Беларусі для ўдзелу ў фэдэральных дзяржаўных мерапрыемствах. У выключных выпадках прадстаўнікі Нямеччыны пасьля разгляду прымаюць запрашэньні на афіцыйныя памятныя мерапрыемствы ў краінах знаходжаньня», — гаворыцца ў адказе, які цытуе BPN.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча назвала «недарэчным» удзел Пуціна ў адзначэньні пачатку Другой сусьветнай вайны

Адначасова адзначаецца, што прадстаўніцтвы Нямеччыны ў Расеі і Беларусі сёлета не атрымлівалі запрашэньня на падобныя мерапрыемствы ні з нагоды 9 траўня, ні з нагоды 22 чэрвеня. Аднак сёлета, як і 9 траўня мінулага года, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Манфрэд Гутэрэр і прадстаўнікі штабу вайсковага аташэ Нямеччыны ўскладуць у Менску вянок да аднаго з памятных мясьцінаў, зьвязаных з Другой сусьветнай вайной.

Пры гэтым урад Нямеччыны падкрэсьлівае, што «безумоўна прызнае гістарычную адказнасьць Нямеччыны за напад на Савецкі Саюз і зьверствы, учыненыя ў Расеі, Беларусі і Ўкраіне».

Аўстрыйскі ўрад сёлета адклікаў запрашэньні дэлегацыям Беларусі і Расеі на ўрачыстасьці ў памяць аб вызваленьні Аўстрыі ад нацызму. Пра гэта стала вядома з камэнтара амбасадара РФ у Аўстрыі Дзьмітрыя Любінскага выданьню OÖNachrichten. Любінскі назваў адкліканьне запрашэньняў «непрымальным і ганебным».