Суд у Маскве арыштаваў рэжысэрку Бярковіч на два месяцы за спэктакль, у якім убачыў апраўданьне тэрарызму

Яўгенія Бярковіч

Замаскварэцкі суд расейскай сталіцы арыштаваў рэжысэрку Яўгенію Бярковіч на два месяцы па абвінавачаньні ў апраўданьні тэрарызму ў сувязі з тэатральнай пастаноўкай «Фініст ясны сокал». Пра гэта паведамляе выданьне «Медиазона».

Бярковіч і драматургіня Сьвятлана Петрыйчук былі затрыманыя напярэдадні. Сёньня каля будынку Замаскварэцкага суду ў Маскве сабраліся каля 100 чалавек.

Падчас суду абарона прадставіла паручальніцтвы за Бярковіч, якія падпісалі рэжысэры і акторы Канстанцін Райкін, Адольф Шапіра, Веніямін Сьмехаў, Генрыета Яноўская, Барыс Мільграм, журналістка Ксенія Сабчак, заснавальнік дабрачыннага Фонду дапамогі госьпісам «Вера» Нюта Фэдэрмэсэр.

У сваякоў Бярковіч у Санкт-Пецярбургу прайшлі ператрусы.

Спэктакль «Фініст ясны сокал» быў пастаўлены ў Маскве тры гады таму, у 2022 годзе ён атрымаў дзьве тэатральныя ўзнагароды «Залатая маска». Пастаноўка заснаваная на гісторыях жанчын, якія выходзілі замуж за радыкальных ісламістаў.

Расейская «Новая газета» апублікавала пэтыцыю ў падтрымку Бярковіч і Петрыйчук. «Мы — супраць таго, каб рэжысэраў, драматургаў, артыстаў, каго б там ні было — у XXI стагодзьдзі арыштоўвалі за спэктакль. Мы супраць абвінаваўчай хлусьні: у працы рэжысэра Яўгеніі Бярковіч і драматурга Сьвятланы Петрыйчук няма ні ценю апраўданьня тэрарызму: п’еса і спэктакль „Фініст ясны сокал“ нясуць абсалютна выразны антытэрарыстычны заклік», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Там таксама згадваецца пра антываенныя вершы Бярковіч. «Мы — супраць тэрору і яго апраўданьня, у тым ліку дзеля ілжыва зразуметай дзяржаўнай мэтазгоднасьці. Перасьледуйце забойцаў, а не паэтаў!» — сказана ў пэтыцыі.

  • Заяву ў праваахоўныя органы на Бярковіч яшчэ два гады таму падалі актывісты пракрамлёўскага руху НОД, паведамляе выданьне «Черта». У траўні 2021 году яны паскардзіліся на яе спэктакль «Фініст ясны сокал», назваўшы пастаноўку «антырасейскай» і ўгледзеўшы ў ёй «пагрозу бясьпецы Расеі».
  • «Дэструкталягічную экспэртызу», якая складаецца амаль са 130 старонак, праводзілі загадчык лябараторыі дэструкталёгіі Маскоўскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ) Раман Сіланцьеў і кіраўніца Цэнтру лінгвістычнай экспэртызы МДЛУ Галіна Хізрыева, даведалася праваабарончае абʼяднаньне «Першы аддзел». Яно адзначае, што Сіланцьеў — адыёзны географ, прыхільнік вайны і «рэлігіязнаўца», якога яшчэ ў 2005 годзе Рада муфтыяў Расеі афіцыйна абвінаваціла ў скажэньні фактаў пра іслам.
  • Афіцыйныя экспэрты адзначылі, што ў матэрыялах спэктаклю прысутнічаюць «прыкметы ідэалёгіі радыкальнага фэмінізму і барацьбы з андрацэнтрычным грамадзкім укладам Расеі».