Госьць Свабоды Premium — кіраўнік ByPol і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Аляксандар Азараў.
Прадстаўнік Памежнага камітэту пракамэнтаваў увядзеньне кантролю на мяжы наступным чынам: «Гэта ў рамках выкананьня ратыфікацыйнага пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў з Расеяй».
«Вы бачыце, што робіцца ў Расеі. Там кожны дзень нешта выбухае, дроны лятаюць на Краснай плошчай. Таму ўлады ў Беларусі спалохаліся, што тыя, хто робіць гэтыя акцыі ў Расеі, прыедуць у Беларусь. Таму і ўвялі гэты памежны кантроль. Яны бачаць пагрозу, што можа прыйсьці з Расеі», — лічыць Азараў.
Заявы Лукашэнкі і сілавікоў, якія кажуць пра рост небясьпекі на межах зь Беларусьсю, кіраўнік ByPol называе «стварэньнем інфармацыйнага ворага», каб быць падрыхтаванымі да ўступленьня ў вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўезьдзе ў Беларусь з Расеі ўвялі пашпартны кантроль, спасылаюцца на пагадненьне, якое яшчэ ня дзейнічаеУ тэлеграм-каналах паведамляюць, што на мяжы ўжо зьявіліся чэргі. Паводле інфармацыі канала «Слухи Витебска», КПП зьявіўся і на трасе паміж Лёзнам і Рудняй, да яго сабралася чарга на некалькі кілямэтраў да вёскі Круглоўка. Асабліва пільна правяраюць расейцаў.
Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведамляе, што ў чатах пішуць таксама пра вялікую чаргу на трасе М-1: кантроль, па словах карыстальнікаў, вядзецца ўжо каля трох гадзін, «усіх выганяюць з машын, абшукваюць і запісваюць дакумэнты».
- Беларусь і Расея заключылі міжурадавае пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў 19 чэрвеня 2020 году.
- Варта адзначыць, што ўвядзеньне пашпартнага кантролю на ўезд з Расеі адбылося пасьля нарады Аляксандра Лукашэнкі зь сілавікамі 2 траўня ў сувязі з дывэрсіяй на чыгунцы ў Бранскай вобласьці Расеі.