«БНБ-Банк» паведаміў, што з 5 чэрвеня ўводзіць камісію за вядзеньне валютных рахункаў фізычных асобаў, на якіх разьмешчана ад 50 тысяч даляраў або эўра.
Камісія складзе 0,1% сумы на рахунку, пры гэтым мінімальны збор будзе 500 беларускіх рублёў, паведамляецца на сайце банка ў разьдзеле, які датычыцца тарыфаў за паслугі.
У банку ўдакладняюць, што камісію будуць прымяняць не па кожным асобным валютным рахунку, а сумарна па ўсіх. То бок, кліентам, у якіх некалькі рахункаў, а агульная сума па іх перавышае 50 тысяч эўра або даляраў, давядзецца плаціць камісію.
Тыдзень таму пра ўвядзеньне з 1 чэрвеня штомесячнай камісіі за абслугоўваньне валютных рахункаў, на якіх захоўваецца больш за 50 тысяч даляраў або эўра, аб’явіў «Прыёрбанк». У гэтым банку камісія складзе 750 рублёў у месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банк «БелВЭБ», які трапіў пад санкцыі Захаду, уводзіць камісію за зьняцьце грошай у сваіх жа банкаматах