На Алеі Славы ў Хмяльніцкім разьмесьцяць інфармацыю пра загінулага беларускага добраахвотніка Лобава

Эдуард Лобаў, архіўнае фота

Эдуард Лобаў загінуў ва Ўкраіне ў студзені 2023 году.

«Хмяльніцкая Гарадзкая Рада адказала на мой зварот. Постэр зь інфармацыяй аб маім сыне Эдуардзе, будзе разьмешчаны на Алеі Славы ў Хмяльніцкім», — паведаміла маці Эдуарда Марына Лобава.

Пра гэта ёй у лісьце паведаміла начальніца ўпраўленьня арганізацыйна-інфармацыйнай працы Хмяльніцкай гарадзкой рады Ірына Бачынская. Інфармацыя пра пра Эдуарда Лобава зьявіцца на выставе «Яны загінулі за Ўкраіну. Хмяльніцкі памятае», на вуліцы Праскураўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве разьвіталіся з Эдуардам Лобавым, яго пахаваюць на могілках Павонзкі. ФОТА

Хто такі Эдуард Лобаў

Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.

У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.

У 2015 годзе Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем.

У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:

«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей, і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён».

Эдуард Лобаў загінуў ва Ўкраіне ў студзені 2023 году пад Вуглядарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэтыцыя за прысваеньне беларусу Лобаву званьня Героя Ўкраіны ўжо сабрала больш за 2 тысячы подпісаў