Суд у справе топ-мэнэджараў «Газпрам трансгаз Беларусь» пачаўся ў Менску, перадае БелТА.
Абвінавачанымі ў справе праходзяць тры былыя топ-мэнэджары «Газпрам трансгаз Беларусь»:
- намесьнік генэральнага дырэктара па вытворчасьці Андрэй Шабан,
- начальнік вытворчага аддзела аўтаматызацыі Ігар Гедрановіч
- і начальнік аддзела канкурэнтных закупак філіялу «Ўпраўленьне матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня і камплектацыі» Вадзім Дзямешка.
Іх абвінавачваюць у тым, што, займаючы названыя пасады ў «Газпрам трансгаз Беларусь», з 2019-га па 2022 год атрымлівалі хабары за садзейнічаньне пры правядзеньні конкурсных працэдур, заключэньні і выкананьні дагавораў, а таксама мантажы абсталяваньня. Ім выстаўлены абвінавачаньні паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 430 (атрыманьне хабару) КК Беларусі.
Кіраўніку прыватнага прадпрыемства Цімуру Клюеву інкрымінуецца даваньне хабару (ч. 2 арт. 431 КК Беларусі) абвінавачанаму Ігару Гедрановічу за забесьпячэньне перамог у працэдурах закупак, заключэньня і выкананьня дагавораў з «Газпрам трансгаз Беларусь».
Раней пракуратура паведамляла, што на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня на маёмасьць абвінавачаных коштам звыш 5 млн рублёў накладзены арышт, яны выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, у памеры больш за 88 тыс. рублёў.
У траўні 2022 году стала вядома пра магчымае затрыманьне топ-мэнэджараў «Газпром трансгаз Беларусь». Адна з вэрсій, чаму маглі ўзьнікнуць пытаньні з боку сілавікоў, — зацягваньне «Газпрамам» будаўніцтва ў Менску шматфункцыянальнага цэнтру «Газпрам Цэнтар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу топ-мэнэджараў беларускай дачкі «Газпрома» накіравалі ў суд ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На будоўлі «Газпром Цэнтру» ў Менску абсталяваньне на 20 мільёнаў даляраў ператварылася ў мэталялом