Кабінэт міністраў Латвіі 2 траўня падтрымаў прапанову працягнуць да 10 жніўня рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю.
Гаворка ідзе пра Лудзенскі, Краслаўскі, Верхнедаўгаўскі і Даўгаўпілскі краі.
Рашэньне прынята з улікам «імклівага росту колькасьці выпадкаў незаконнага перасячэньня латвійска-беларускай мяжы, а таксама літоўска-беларускай мяжы».
«Распачатую Расеяй вайну супраць Украіны, якая адкрыта падтрымліваецца Беларусьсю, таксама можна расцэньваць як дадатковую акалічнасьць рызыкі і магчымую матывацыю для Беларусі працягваць свае намаганьні па дэстабілізацыі сытуацыі на мяжы з Латвіяй, гэта значыць аказваць ціск на ЭЗ і NATO», — гаворыцца ў паведамленьні ўраду.
Працяг рэжыму надзвычайнага становішча павінен зацьвердзіць парлямэнт Латвіі.
Надзвычайнае становішча дзейнічае з жніўня 2021 году — у сувязі з ростам колькасьці выпадкаў незаконнага перасячэньня латвійска-беларускай мяжы.
З пачатку гэтага году зафіксавана 10 999 спроб незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 7900, Латвію — 2174, Літву — 925).
Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра рост напружанасьці на мяжы Беларусі і Эўразьвязу: у студзені было 1989 спроб нелегальнага пераходу мяжы, у лютым — 1970, у сакавіку — 3401, у красавіку — 3440.
У тым ліку: Польшча — 1398 у студзені, 1455 у лютым, 2583 у сакавіку, 2363 у красавіку; Латвія — 372 у студзені, 377 у лютым, 559 у сакавіку, 776 у красавіку; Літва — 219 у студзені, 138 у лютым, 259 у сакавіку, 301 у красавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва скасавала надзвычайнае становішча на мяжы зь Беларусьсю- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва.
- Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
- Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
- Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне крызісу зь мігрантамі ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя літоўскаму боку шкоды, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.