Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі сфармуе яшчэ дзьве манэўраныя групы ў дадатак да групы з 300 чалавек, якую сфармавалі раней у Мазырскім памежным атрадзе.
Пра гэта па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі паведаміў старшыня ДПК Анатоль Лапо. Паводле яго, адна група будзе сфармавана на лідзкім кірунку, а другая — на берасьцейскім.
«Мы раней адну групу сфармавалі ў мазырскім атрадзе (гэта каля 300 чалавек)», — сказаў ён, перадае БелТА.
Лапо дадаў, што новыя групы будуць дзейнічаць на працягу гадоў.
«Цяпер становішча такое, што мы вымушаныя фармаваць адну манэўраную групу на лідзкім кірунку, другую — як рэзэрву на берасьцейскім кірунку. Будзе восень — можа, яны там не патрэбны будуць, будзем перакідваць на іншы напрамак», — дадаў Лапо.
Па выніках нарады ў Лукашэнкі старшыня КДБ Іван Тэртэль аб’явіў аб «узмацненьні жорсткасьці контравыведвальнага рэжыму» ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі рэзка зьменшылася,— памежная служба ЎкраіныДапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Таксама ёсьць сьведчаньні таго, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.
У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў, з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абароназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.
Паводле беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.