У Менску судзяць экс-мэнэджарку тэлеканала «Беларусь 2»
Суд Маскоўскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы былой супрацоўніцы тэлеканала «Беларусь 2» Вольгі Гладкай. Экс-мэнэджарку абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядае судзьдзя Лідзія Цяліца, піша «Вясна».
Вольгу затрымалі 27 лютага 2023 году. Яна звольнілася зь Белтэлерадыёкампаніі ў верасьні 2020 году.
Абаронцы спрабавалі дамагчыся вызваленьня жанчыны пад грашовы заклад, бо яна мае праблемы з сэрцам і патрабуе пастаяннага мэдыкамэнтознага лекаваньня. Аднак яе пакінулі пад вартай.
Жыхару Фаніпаля прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
Суд Дзяржынскага раёну вынес прысуд 37-гадоваму жыхару Фаніпаля Максіму Палуянчыку, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх паводле ч.1 арт. 342 КК. Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Крупец, паведамляе «Вясна».
Паводле абвінавачаньня, Максім 14 жніўня 2020 году ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па вуліцы Брэсцкай у Фаніпалі, «разам зь іншымі выходзіў на праезную частку вуліцы, замінаў працы грамадзкага транспарту, пляскаў у далоні і не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі». Паведамляецца, што хлопец быў апрануты ў белую цішотку і чырвоную байку.
«Чаму вы так апрануліся?» — цікавіўся на судзе прадстаўнік абвінавачаньня.
«Таму што гэта маё паўсядзённае адзеньне», — адказаў абвінавачаны.
Суд прызнаў Максіма вінаватым і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсьць месяцаў. Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 красавіка: актывістка зь Верхнядзьвінску трапіла ў шпіталь пасьля затрыманьня; Івашына зноў зьмясьцілі ў ШЫЗАУ Гомельскай вобласьці працягваюцца затрыманьні
Праваабаронцам стала вядома, што затрыманыя як мінімум 6 мужчын. Як бачна па відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, некаторых затрымлівалі проста на працоўным месцы, паведамляе «Гомельская Вясна». У відэа ўсе затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Сярод затрыманых — 33-гадовы Павел Данкаў, стваральнік рэйв-праекту «МЕЧТА», які выступае пад псэўданімам Morgotika. Ён часта арганізоўваў рэйв-вечарыны ў Менску, на Кастрычніцкай вуліцы, а таксама ў Гомлі. Яго вінавацяць у ахвяраваньнях на «Байсол» і падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы.
Яшчэ адным затрыманым стаў 24-гадовы гомельскі фатограф Павел Буланаў. Хлопец рабіў шмат фота і для дзяржаўных прадпрыемстваў: да прыкладу, для кнігі да 20-годзьдзя «Магілёўаўтадара» або выданьня да 50-годзьдзя Менскага маторнага заводу. Яго вінавацяць у тым, што ён «распаўсюдзіў экстрэмісцкую сымболіку».
Трэцім вядомым затрыманым стаў 22-гадовы Ігар Ступакоў з Буда-Кашалёва. Ігар — сірата. Вядома, што ён мае катэгорыю кіроўцы С і ў 2019-м шукаў працу кіроўцам. Яго вінавацяць у «падпісцы на экстрэмісцкі тэлеграм-канал» — у сюжэце ГУБАЗіКа паказваецца скрыншот з канала «Чай з малінавым варэннем».
Яшчэ аднаго затрыманага, імя якога невядомае, вінавацяць у тым, што ён у 2020-м напісаў камэнтар, сутнасьць якога зводзіцца да таго, што людзям варта пратэставаць.
Імёны астатніх дваіх мужчын, паказаных у відэа, таксама невядомыя.
Затрыманьні на «Менскім мясакамбінаце»
Зьявілася інфармацыя пра сёньняшнія затрыманьні супрацоўнікаў ААТ «Мінскі мясакамбінат». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Падрабязнасьці высьвятляюцца.
У Нароўлі арыштоўвалі мясцовага актывіста Мікалая Віткоўскага
Пра гэта стала вядома толькі цяпер. Мужчыну зьмяшчалі пад арышт на 10 сутак за падпіскі на «экстрэмісцкія» паблікі і «непадпарадкаваньне» супрацоўнікам міліцыі, паведамляе «Гомельская Вясна».
Вядома, што Мікалая шмат разоў затрымлівалі ў 2020 годзе.
У Пінску затрымалі прадпрымальніка — ён пакідаў камэнтары супраць вайны ва Ўкраіне
У відэа ГУБАЗіКа гаворка ідзе пра 28-гадовага прадпрымальніка зь Пінску Ягора Дашэвіча. Яго вінавацяць у камэнтарах, якія ў асноўным тычацца вайны ва Ўкраіне — мужчына крытыкаваў дзеяньні беларускіх уладаў, паведамляе «Наша Ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 красавіка: менчукоў асудзілі па «народным» артыкуле, начныя «аблавы» ў БеларусіПасьля ўзмацненьня пакараньня 73-гадовага Барыса Кучынскага адправілі ў калёнію
10 лістапада 2022 году ў судзе Слонімскага раёну Барыса Кучынскага асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» — дзяржаўнае абвінавачваньне тады запрошвала 2 гады пазбаўленьня волі. Мужчыну судзілі за адзін рэпост у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» — паста пра ўчастковага інспэктара міліцыі АУС Ваўкавыску Віктара Лутчанка.
Пасьля судовага працэсу пракуратура падала апэляцыйную скаргу на прысуд — у выніку Горадзенскі абласны суд яе задаволіў і прысудзіў Кучынскаму два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Акрамя таго, Кучынскі павінен выплаціць штраф памерам 150 базавых велічынь (4000 рублёў), а таксама кампэнсаваць пацярпеламу міліцыянту Віктару Лутчанку маральныя пакуты ў памеры 5000 беларускіх рублёў.
Палітвязьню Артуру Чарняўскаму ўзмацнілі пакараньне
Палітвязьню Артуру Чарняўскаму, які адбываў абмежаваньне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 24, найверагодней, узмацнілі пакараньне, паведамляе Гарадзенская Праваабарона. Гэта вынікае з таго, што паштоўкі з днём народзінаў, якія яму накіроўваліся, не дайшлі да адрасата. Адна з такіх паштовак вярнулася ў Сьветлагорск. На паштовым адпраўленьні можна прачытаць пазнаку «за выездам».
Артур быў асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу на 2 гады «хіміі».
Вядома, што 13 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні Артура пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу вёў Руслан Гурын. Меркавана, Чарняўскага дадаткова асудзілі і ўзмацнілі рэжым зьняволеньня.