Калёнія не прыняла мэдычную пасылку для палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, у траўні яе зноў будуць судзіць

Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Пра гэта ў сацсетках распавёў муж Паліны Андрэй Шарэнда.

«Амаль тры месяцы абрывістай сувязі пайшло на тое каб, узгадніць з Палінай сьпіс лекаў і вітамінаў для мэдычнай бандэролі. Бандэроль была адпраўлена пасьля таго, як Паліна напісала заяву да мэдыка калёніі, і сьпіс лекаў быў узгоднены імі. Але пасылка вярнулася так і не распакаванай», – напісаў Андрэй Шарэнда.

У якасьці прычыны вятаньня пазначана: «адмова ад атрыманьня».

Паліну Шарэнду-Панасюк у траўні будуць судзіць па новай крымінальнай справе.

Спачатку яе засудзілі на 2 гады калёніі, у 2022 годзе за так званыя «парушэньні» ў калёніі дадалі яшчэ год. Пасьля супраць Шарэнды-Панасюк распачалі новую справу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». У кастрычніку 2022 года яе зьмясьцілі на паўгоду ў ПКТ і рэгулярна кідаюць у штрафны ізалятар. За апошнія 10 месяцаў яна правяла там 180 сутак.

«Псыхалягічна Паліна як камень, трымаецца і стаіць на сваім. Але фізычнае здароўе моцна падарванае», – напісаў яе муж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліну ня выпусьцяць». Вялікая размова з Андрэем Шарэндам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Позірк палітвязьня ні з чым не пераблытаеш». Вольга Класкоўская пра найгоршую турму, 10 этапаў, усьмешку Калесьнікавай, бутэрброды Шарэндзе