Галасаваньне адбылося яшчэ 26 красавіка, аднак увагу на тэкст рэзалюцыі і на тое, што Кітай апынуўся ў ліку тых, хто прагаласаваў «за», СМІ і камэнтатары зьвярнулі толькі сёньня.
Усяго рэзалюцыю, прысьвечаную супрацоўніцтву ААН з Радай Эўропы, падтрымалі 122 краіны. Акрамя Кітаю, «за» прагаласаваў і шэраг іншых краін, якія лічацца дружалюбнымі Расеі, у тым ліку Казахстан і Армэнія, а таксама Індыя і Бразылія. Беларусь дакумэнт не падтрымала, разам зь Нікарагуа, Расеяй, Паўночнай Карэяй і Сырыяй. Яшчэ 18 краін устрымаліся.
У дакумэнце ў прыватнасьці гаворыцца аб «беспрэцэдэнтных выкліках», якія стаяць перад Эўропай «пасьля агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, а да гэтага супраць Грузіі». Ён таксама заклікае «кампэнсаваць урон», нанесены ахвярам агрэсіі.
Вайна ва Ўкраіне не зьяўляецца галоўным прадметам рэзалюцыі, таму незразумела, ці зьяўляецца галасаваньне Кітаю і іншых краін у яе падтрымку сыгналам зьмены іх пазыцыі адносна дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Раней Кітай устрымліваўся ад крытыкі дзеяньняў Масквы, заяўляючы аб неабходнасьці дасягненьня міру з улікам інтарэсаў усіх бакоў. Прадстаўнікі КНР галасаваньне не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе задаволіліся тлумачэньнямі Кітаю наконт скандальных выказваньняў пасла ў Парыжы- Старшыня КНР Сі Цзіньпін у канцы сакавіка наведаў з візытам Маскву. Ён заяўляў аб стратэгічным партнэрстве і сяброўстве Пэкіна і Масквы. Краіны Захаду выказвалі засьцярогі, што Кітай можа пачаць пастаўкі Расеі зброі, аднак якіх-небудзь прыкмет зьмены пазыцыі Пэкіна ў дачыненьні да вайны ва Ўкраіне ад таго часу не было заўважана. Некалькі дзён таму адбылася тэлефонная размова Сі Цзіньпіна з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.