Прыгожын: ПВК «Вагнэра» можа хутка спыніць існаваньне

Яўген Прыгожын на могілках баевікоў «Вагнэра»

Кіраўнік прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) «Вагнэра» Яўген Прыгожын, баевікі якога ўжо многія месяцы вядуць баі супраць украінскіх салдат у горадзе Бахмут Данецкай вобласьці, выказаў меркаваньне, што яго ПВК, магчыма, у хуткім часе спыніць існаваньне.

«На сёньняшні дзень мы прыходзім да таго, што ПВК „Вагнэра“ заканчваецца, і празь нейкі кароткі час перастане існаваць», — сказаў ён у інтэрвію расейскаму блогеру Сямёну Пегаву. Яго словы цытуе DW.

«Мы адыдзем у гісторыю. Нічога страшнага, так бывае», — сказаў Прыгожын. Як вынікае з разьмешчанага ў сацсетках відэакліпа, кіраўнік ПВК зьвязвае магчымае спыненьне існаваньня яго прыватнага войска з тым, што міністэрства абароны РФ па-ранейшаму не пастаўляе яго наймітам боепрыпасаў.

Прыгожын ужо ня першы раз скардзіцца на «снарадны голад» і абвінавачвае асобных чальцоў расейскага ваеннага кіраўніцтва ў «здрадзе інтарэсаў краіны». Калі менавіта ён зрабіў свае цяперашнія заявы, незразумела. Сам ён пакуль не адказаў за звароты СМІ з просьбай пракамэнтаваць сказанае.

Найміты ПВК «Вагнэра» у мінулым удзельнічалі ў баях у Сірыі, а таксама ў канфліктах у цэлым шэрагу краін Афрыкі. У студзені ЗША афіцыйна абвясьцілі гэтую ПВК транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times: Беларусь перадавала зброю «вагнэраўцам»