Генпракуратура расказала, як павялічылася колькасьць заяў у «камісію па вяртаньні»

За няпоўны месяц колькасьць зваротаў у «камісію па вяртаньні», паводле пракуратуры, павялічылася з 56 да 60, вынікае з паведамленьня прэсавай службы Генэральнай пракуратуры РБ.

28 красавіка адбылося пасяджэньне камісіі. Раней пра такія сустрэчы не паведамлялася.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, па разгляданых зваротах прынятыя рашэньні пра інфармаваньне шэрагу грамадзян аб адсутнасьці адносна іх на дату звароту ў Камісію распачатай адміністрацыйнай справы, пастаноў аб прызнаньні падазроным, прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага; правапарушэньні, крымінальнай справе.

1 красавіка генэральны пракурор Андрэй Швед паведаміў аб паступленьні 56 зваротаў, яны рыхтаваліся да разгляду.

  • Рашэньне стварыць камісію было прынятае 24 студзеня па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведны ўказ быў падпісаны 6 лютага.
  • У інтэрвію беларускаму тэлебачаньню генпракурор паведаміў, што беларусы за мяжой, якія хочуць, але баяцца вярнуцца ў краіну, павінны будуць накіраваць на спэцыяльны электронны адрас копію пашпарта, заяву і ліст, дзе сярод іншага павінна быць меркаваньне, чаму ў сілавікоў могуць узьнікнуць прэтэнзіі да іх. Камісія пісьмова адкажа, ці ёсьць у заяўніка падставы для занепакоенасьці.
  • 8 лютага Генпракуратура паведаміла аб паступленьні ў камісію першага звароту, аднак ён ня быў аформлены па правілах. Тэлеканал «Белсат» паведаміў, што гэта быў экспэрымэнт, які правяла яго рэдактарка Вольга Ярохіна.
  • Некаторых людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь, затрымліваюць. 30 сакавіка палітзьняволеную Тацяну Курыліну, якая вярнулася з-за мяжы па «праграме сілавікоў», засудзілі на 4,5 года калёніі.