«Вайскова-касьмічныя сілы Расеі нанесьлі групавы ракетны ўдар высокадакладнай зброяй па пунктах дысьлякацыі рэзэрваў УСУ, мэта ўдару дасягнута, іх высоўваньне ў раёны баявых дзеяньняў спыненае», — цытуюць заяву ведамства расейскія дзяржаўныя агенцтвы навінаў.
Раніцай 28 красавіка Расея нанесла чарговы масаваны ўдар па тэрыторыі Ўкраіны. Цяпер вядома пра сама меней 19 загінулых: 17 — у Умані, сярод іх трое дзяцей, і двое — у Дняпры. Яшчэ больш за дзесяць чалавек былі параненыя.
Расейскія ракеты трапілі ў жылыя дамы, дадзеных аб трапляньні ў вайсковыя аб’екты не было. Паводле зьвестак украінскіх Паветраных сіл, расейскія войскі атакавалі Ўкраіну з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95 з раёну Касьпійскага мора, украінскія сілы зьбілі 21 з 23 крылатых ракет Х-101/Х-555 і два дроны апэратыўна-тактычнага ўзроўню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў абстраляла ракетамі Ўкраіну, атакавала Дніпро, Кіеў, Умань. Ёсьць ахвяры. ФОТА- Апошні масаваны ракетны ўдар Расея нанесла 9 сакавіка, выпусьціўшы па Ўкраіне 81 ракету, у тым ліку 6 «Кінжалаў» і 20 «Калібраў», а таксама зрабіўшы 8 ударных пускаў іранскіх дронаў Shahed-136/131. Тады былі трапляньні ў шэрагу рэгіёнаў — у Кіеве, Жытоміры, Адэскай і Харкаўскай, Днепрапятроўскай абласьцях. У Кіеве пацярпелі тры чалавекі. У Львоўскай вобласьці ад ракетнага ўдару загінулі пяць мірных жыхароў, у Днепрапятроўскай вобласьці адзін чалавек загінуў і двое былі параненыя.
- Расея з самага пачатку вайны адмаўляе мэтанакіраваную атаку на мірных жыхароў, нягледзячы на наяўнасьць сьведчаньняў і доказаў гэтага.