Год таму расейская ракета забіла ў Кіеве журналістку Свабоды Веру Гірыч

Вера Гірыч, архіўнае фота

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода выступіў з заявай у сувязі з угодкамі гібелі прадусаркі ўкраінскай службы Свабоды Веры Гірыч.

28 красавіка спаўняецца год з дня гібелі журналісткі ўкраінскай службы Радыё Свабода Веры Гірыч. Яна загінула ў выніку расейскага ракетнага ўдару па Кіеве.

Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, Расея абстраляла Кіеў у той дзень адразу пасьля завяршэньня яго перамоваў з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам. Пры трапленьні ў 25-павярховы жылы дом у ім часткова абрынуліся першыя два паверхі і ўзьнік пажар. Вера Гірыч стала адзінай, хто загінуў у выніку гэтага ўдару. Яе цела знайшлі раніцай 29 красавіка пад заваламі.

Вера Гірыч пачала працу ў кіеўскім бюро Радыё Свабода 1 лютага 2018 году. Да гэтага яна працавала на розных украінскіх тэлеканалах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі 17 журналістаў, 14 параненыя

Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай у заяве да гадавіны гібелі журналісткі зноў выказаў спачуваньні родным і блізкім Веры Гірыч.

«На працягу апошняга году калегі Веры з украінскай службы і супрацоўнікі „Настоящего Времени“, якія працуюць ва Ўкраіне, працягвалі сваю сьмелую працу, нягледзячы на пастаянныя напады і складаную апэратыўную абстаноўку. Як і Вера да яе трагічнай сьмерці, мы кожны дзень працягваем паведамляць пра жудасныя наступствы шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну аўдыторыі па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Расеі.

Бяз нашага асьвятленьня гэтых падзей у мільёнаў людзей не было б доступу да фактаў пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Працягваць выконваць нашу місію, нягледзячы на цяжкасьці, — гэта лепшае, што мы можам зрабіць, каб ушанаваць памяць Веры»,— гаворыцца ў паведамленьні.

  • За год поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіне былі забітыя ня менш за 50 праваабаронцаў, журналістаў і гуманітарных валянтэраў. Такія лічбы прыводзіць міжнародны праект Front Line Defenders.
  • Сярод загінулых — украінскі журналіст Максім Левін, як мяркуецца, забіты расейскімі вайскоўцамі, і расейская журналістка Аксана Бауліна, якая загінула пры ўдары па Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне стварылі Фонд памяці журналістаў, якія загінулі ад расейскай вайны. Сьпіс