Пра гэта паведамляе расейскі праваабарончы рэсурс «ОВД-Инфо» са спасылкай на абаронцу Юлію Еўдакімаву.
Што менавіта стала падставай для завядзеньня адміністрацыйнай справы супраць Чарнышовай, пакуль невядома. Пасьля складаньня пратаколу яе адпусьцілі.
Раней паліцыя прыйшла да Чарнышовай зь ператрусам, пасьля якога яе затрымалі і адвезьлі ў пастарунак. Абаронца мяркуе, што прычынай таму стаў торт з надпісамі: «Не — вайне».
Анастасія Чарнышова ўжо шмат гадоў выпякае тарты пад брэндам «Хлеб і відовішчы». Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны яна стала ўпрыгожваць іх пацыфісцкім надпісамі. Фатаграфіі выпечкі яна публікуе ў інстаграме, дзе ў яе 23 тысячы падпісчыкаў. Частку сваіх даходаў Чарнышова пераводзіць дабрачынным арганізацыям, пры гэтым яна адмаўляе, што адпраўляе ахвяраваньні непасрэдна УСУ.
Адміністрацыйны артыкул аб дыскрэдытацыі арміі быў прыняты праз восем дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Ён прадугледжвае штрафы ад 30 да 50 тысяч рублёў за публічныя дзеяньні, накіраваныя на дыскрэдытацыю выкарыстаньня Ўзброеных сіл Расеі ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так расейскія ўлады называюць вайну ва Ўкраіне).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Лію Ахеджакаву напісалі данос у Генпракуратуру РФ, каб завялі на яе справы аб дзяржаўнай здрадзе і «дыскрэдытацыі» расейскай арміі
Дыскрэдытацыяй расейскія суды лічаць распаўсюджваньне любых зьвестак аб вайне, якія адрозьніваюцца ад афіцыйнай пазыцыі Мінабароны, а таксама антываенныя плякаты, малюнкі сьцягоў Расеі і Ўкраіны і нават пасты зь пераказам сну з Уладзімірам Зяленскім.