Паводле Інстытута вывучэньня вайны, Беларусь працягвае прыкладаць намаганьні па «наладжваньні адносін з краінамі, якія падтрымалі ці не асудзілі вайну Расеі ва Ўкраіне».
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW) за 27 красавіка.
Таксама, камэнтуючы новыя кантакты міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з кітайскім і іранскім калегамі ў Дэлі, аналітыкі выказалі здагадку, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі мае на мэце «стварэньне кааліцыі незаходніх краін» і «паглыбленьне шляхоў дапамогі Расеі ва ўхіленьні ад заходніх санкцый».
На сустрэчы 27 красавіка ў Дэлі (Індыя) Хрэнін і міністар абароны Кітая Лі Шанфу «вызначылі шляхі далейшага супрацоўніцтва на бліжэйшую перспэктыву», паведаміла прэс-служба беларускага ваеннага ведамства.
У гэты ж дзень Хрэнін сустрэўся з міністрам абароны Ірана Махамадам Рэза Аштыяні. На перамовах было падкрэсьлена, што «ў цяперашніх складаных умовах турбулентнасьці менавіта кансалідацыя сумесных намаганьняў, паглыбленае супрацоўніцтва і ўзаемная падтрымка будуць садзейнічаць падтрыманьню і ўмацаваньню міру і бясьпекі».
28 красавіка ў Дэлі пройдзе нарада міністраў абароны дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Сярод іншага ўдзельнікі сустрэчы абмяняюцца меркаваньнямі «адносна выклікаў і пагроз рэгіянальнай і міжнароднай бясьпецы дзяржавам — членам ШАС і захадаў па іх нейтралізацыі».
Беларусь мае статус назіральніка ў арганізацыі, але падала ўжо заяўку на ўступленьне. Улады ў Менску разьлічваюць выканаць усе неабходныя для гэтага працэдуры да чэрвеня гэтага года.
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь падтрымлівае Расею, якая вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
У ліпені 2022 года Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнай групоўкі зь беларускай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін у Індыі сустрэўся зь міністрамі абароны Кітаю і Ірану