У Бішкеку суд спыніў дзейнасьць кіргіскай службы Радыё Свабода

Мікрафон Радыё Свабода. Ілюстрацыйнае фота

Ленінскі раённы суд Бішкеку задаволіў пазоў Міністэрства культуры, інфармацыі, спорту і моладзевай палітыкі аб спыненьні дзейнасьці «Азатык Мэдыя» як сродку масавай інфармацыі. Гаворка ідзе пра кіргіскую службу Радыё Свабода.

Радыё Свабода мае намер абскардзіць рашэньне суду. Адвакат Цімур Султанаў адзначыў, што рашэньне суду адказала на пытаньні аб тым, ці выконваецца ў Кіргізстане свабода слова.

«Падчас спрэчак бакоў мы прывялі довады, прадугледжаныя заканадаўствам і Канстытуцыяй. На жаль, суд нас не пачуў. Як я сказаў падчас спрэчак бакоў, рашэньне суду павінна было паказаць, ці ёсьць у грамадзян права атрымліваць і распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю, або гэтае права проста намінальна прапісана ў Канстытуцыі. Сёньняшняе рашэньне дало адказы на гэтыя пытаньні».

Напярэдадні на судзе прадставілі вынікі лінгвістычнай экспэртызы выпуску «Цяпер. Азія», які стаў падставай для блякаваньня сайтаў выданьня і падачы пазову.

Экспэртка Жыйдэ Сямёнава заявіла, што «ў матэрыяле ёсьць лінгвістычныя прыкметы нэгатыўнага характару ў адносінах да Кіргіскай Рэспублікі». Праявы міжнацыянальнай варожасьці або прапаганды ў гэтым матэрыяле, як сказала яна, не ўваходзяць у кампэтэнцыю лінгвіста, і таму неабходна даць юрыдычную ацэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт абароны журналістаў патрабуе, каб Бішкек адклікаў пазоў аб закрыцьці кіргіскай службы Радыё Свабода

Міністэрства культуры зьвярнулася ў суд сёлета 23 студзеня. У ім ведамства паказвае, што відэаматэрыял аб канфлікце на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану мяжы ня выдалілі і распаўсюджваюць у сацсетках. Гаворка ідзе аб этэры праграмы «Настоящее Время. Азия», якая выйшла ў верасьні 2022 году пад загалоўкам «Цяжкія баі на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану».

У праграме, па сьцьвярджэньні ведамства, зьмяшчаюцца «элемэнты мовы варожасьці, непацьверджаная інфармацыя аб нібыта нападзе кіргіскага боку на Таджыкістан, інфармацыя, якая нагнятае становішча ў грамадзтве і выклікае нянавісьць, дыскрымінацыю і раскол сярод грамадзян пры асьвятленьні падзей у Баткенскай вобласьці».

Кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода расцаніла гэты крок як перасьлед свабодных СМІ, які падрывае дэмакратыю ў Кіргізстане.

«RFE/RL сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязаньняў у збалянсаваным асьвятленьні падзей. Мы вывучылі зьмест гэтага матэрыялу і ня выявілі ніякіх парушэньняў нашых стандартаў. Мы не паддамося ціску з мэтай выдаленьня збалянсаваных матэрыялаў з нашых сайтаў — ці то з боку Крамля, ці ўраду Кіргізстану», — заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай.

24 кастрычніка ў «Азатык Мэдыя» паступіў ліст ад Міністэрства культуры Кіргізстану з патрабаваньнем на працягу 24 гадзін выдаліць зь ютуб-каналу «Настоящее Время. Азия» запіс жывога этэру. Праз два дні ведамства вырашыла заблякаваць сайты «Азатык Медыя». 31 кастрычніка ў «ДэмірБанку» без папярэджаньня і тлумачэньняў у вусным парадку паведамілі, што заблякаваныя рахункі «Азатык Мэдыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пакаралі грамадзяніна, які вёў самастойную рэтрансьляцыю Радыё Свабода