27 красавіка ў Страсбургу прэзентавалі даклад аб беларускіх уцекачах «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні».
Дакладчыкам выступіў прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат зь Люксэмбургу Поль Галь, які ў сакавіку наведваў Польшчу і Літву, каб пагутарыць з уладамі і зь беларускімі ўцекачамі аб іх праблемах.
У Вільні ён сярод іншага сустракаўся з дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай. Падчас той сустрэчы Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць таго, што такая інстытуцыя, як Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, занялася «істотным, але забытым» пытаньнем становішча беларусаў у выгнаньні.
У Вільні Галь яшчэ сустракаўся з прадстаўнікамі міністэрстваў унутраных і замежных спраў Літвы, арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці.
Дакладчык меў магчымасьць абмяняцца думкамі з вучнямі і настаўнікамі гімназіі імя Францішка Скарыны, адзінай за межамі Беларусі дзесяцікляснай школы з навучаньнем на беларускай мове, з студэнтамі і выкладчыкамі Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што паабяцала генэральны сакратар Рады Эўропы падчас сустрэчы з Натальляй Пінчук, жонкай Алеся БяляцкагаУ Варшаве Поль Галь сустракаўся зь сябрамі Беларускага моладзевага хабу і Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, а таксама з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў і Ўпраўленьня ў справах іншаземцаў Польшчы, дэпутатамі Сэйму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім дэмакратычным сілам прапанавалі асобны пакой у Радзе Эўропы27 красавіка на паседжаньні Камітэту міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў Поль Галь прэзэнтаваў свой даклад «Спэцыфічныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні».
27 красавіка прайшла прамежкавая прэзэнтацыя дакладу. Яго зацьверджаньне заплянавалі на 11 траўня.
Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, які браў удзел у абмеркаваньні, падзяліўся са Свабодай ўражаньнямі ад паседжаньня.
Паводле Губарэвіча, найперш Поль Галь падкрэсьліў неабходнасьць адрозьніваць рэжым Лукашэнкі і народ Беларусі. Галь заявіў, што беларусам, вымушаным пакінуць сваю краіну, перш за ўсё неабходная падтрымка і што ў краінах, якія мяжуюць зь Беларусьсю, найлепш разумеюць праблемы беларусаў-уцекачоў.
Дакладчык падкрэсьліў, што застаўся толькі адзін дзейны пункт пропуску паміж Беларусьсю і Польшчай і гэта ўскладняе лягістычныя праблемы беларусаў, якія вырашылі ўцячы ад перасьледу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчыца ААН Анаіс Марэн: «Пасьля 2020 году беларусы сталі рэкардсмэнамі па заяўках у Камітэт ААН па правах чалавека»Што тычыцца Літвы, Поль Галь згадаў закон пра абмежавальныя мерах для грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка сёлета. Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на візы ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі заява падаецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.
Сярод іншых праблем, якія падымаліся ў Страсбургу, — цяжкасьці пры адкрыцьці рахункаў, допуску беларускіх кампаній на эўрапейскія рынкі, іншыя праблемы легалізацыі беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб рэпрэсаваных беларусах