ЗША назіраюць за парушэньнем правоў на інтэлектуальную ўласнасьць у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Дзеяньні ўладаў Беларусі не засталіся па-за ўвагай Вашынгтону.

ЗША ўключылі Беларусь у пералік краін, якія знаходзяцца пад назіраньнем у сувязі з парушэньнем правоў на інтэлектуальную ўласнасьць. Офіс гандлёвага прадстаўніка ЗША (USTR) уключыў Беларусь у пералік краін, якія знаходзяцца пад назіраньнем за магчымыя парушэньні правоў інтэлектуальнай уласнасьці.

Такі крок амэрыканскага рэгулятара зьвязаны зь легалізацыяй «паралельнага імпарту» і выкарыстаньня аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасьці без дазволу праваўладальніка.

«USTR дадаў Беларусь у сьпіс назіраньня ў адказ на прыняцьце Беларусьсю закону, які легалізуе неліцэнзійнае выкарыстаньне пэўных твораў, абароненых аўтарскім правам, калі праваўладальнік з замежнай дзяржавы „робіць недружалюбныя дзеяньні“, уключаючы ўвод санкцыяў супраць Беларусі за яе ролю ў несправакаваным уварваньні Расеі ва Ўкраіну.

Акрамя таго, Беларусь можа ўтрымліваць ліцэнзійныя адлічэньні ад гэтага неліцэнзійнага выкарыстаньня і пераводзіць іх у агульны бюджэт Беларусі, а гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі атрымае прамую фінансавую выгаду ад гэтага несанкцыянаванага выкарыстаньня», — гаворыцца ў прэс-рэлізе офісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Легалізуючы пірацтва, Лукашэнка „страляе па Валожыне“». Тлумачэньне эканаміста Яраслава Раманчука

USTR апублікаваў спэцыяльны даклад пра абарону правоў інтэлектуальнай уласнасьці. Краіны, дзе магчымыя парушэньні аўтарскага права, разьмяркоўваюцца па двух сьпісах. Беларусь знаходзіцца ў звычайным сьпісе назіраньня.

У прыярытэтны ўключылі Кітай, Чылі, Аргентыну, Індыю, Інданэзію, Расею і Вэнэсуэлу. Усяго ж пад наглядам офісу знаходзяцца 29 дзяржаў.

Акрамя Беларусі, у сьпіс назіраньня дадалі Баўгарыю. У ім 22 краіны. Таксама туды ўваходзяць Альжыр, Барбадас, Балівія, Бразылія, Канада, Калюмбія, Дамініканская Рэспубліка, Эквадор, Эгіпет, Гватэмала, Мэксыка, Пакістан, Парагвай, Пэру, Тайлянд, Трынідад і Табага, Турэччына, Туркмэністан, Узбэкістан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта парушэньні правоў і непавага да працы людзей». Кінакрытыкі пра паказы пірацкай копіі новага «Аватару» ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пірацкая гавань на ўсходзе Эўропы. Улады жорстка абсякаюць ніткі, якія злучаюць краіну з цывілізаваным сьветам