У Літве распавялі, колькі беларусаў не легалізаваліся, бо падтрымалі вайну ва Ўкраіне ці прызналі Крым расейскім

Вільня, ілюстрацыйнае фота

З пачатку 2023 году каля 280 беларусаў не змаглі легалізавацца ў Літве з прычыны падтрымкі расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны або прызнаньня Крыму расейскім.

Пра гэта «Зеркалу» распавяла кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце ў кулюарах II Беларускага бізнэс-форуму ў Вільні.

Яны не змаглі атрымаць запытаны дакумэнт, бо ў адпаведнай анкеце, якая запаўняецца пры падачы дакумэнтаў для легалізацыі ў Літве, яны выказалі падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны або адзначылі, што «Крым — расейскі», расказала Эвеліна Гудзінскайце.

Паводле яе, часта гэта людзі, якія пераяжджаюць, каб працаваць у Літве. А такую пазыцыю ў адносінах да вайны ва Ўкраіне Эвеліна Гудзінскайце тлумачыць уплывам беларускай і расейскай прапаганды ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пацьвердзілі, што беларусам адмаўляюць ва ўезьдзе з прычыны адказаў на пытаньні ў анкетах, сярод якіх «Чый Крым?»
  • Агулам у Літве пражывае 55 тысяч беларусаў, якія маюць на руках від на жыхарства або аналягічны дакумэнт.
  • У канцы 2022 году беларусаў і расейцаў, якія хочуць жыць у Літве, пачалі пытацца пра адносіны да вайны ва Ўкраіне і прыналежнасьць Крыму. Пазьней у МУС Літвы расказвалі, што кожны дзень 10-20 беларусаў і расейцаў у анкеце заяўляюць аб падтрымцы вайны ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва: 10–20 беларусаў і расейцаў штодня заяўляюць аб падтрымцы вайны ў міграцыйных анкетах