Некалькі беларускіх тэнісістаў падпісалі дэклярацыі аб нэўтральным статусе, каб згуляць у сёлетнім Уімблдоне

Ужо некалькі расейскіх і беларускіх тэнісістаў падпісалі асабістыя заявы, якія дазволяць ім выступаць у якасьці нэўтральных гульцоў на Уімблдонскім чэмпіянаце 2023 году, паведамляе Reuters.

Імёны спартоўцаў не называюцца.

«Я ня буду дзяліцца падрабязнасьцямі, хто гэта, але шэраг гульцоў ужо падпісалі. Мы выслухалі водгукі спартоўцаў за мінулы год, і яны сказалі, што хацелі мець магчымасьць падпісаць дэклярацыю. Яны цалкам разумеюць, на што яны падпісваюцца», — заявіла 25 красавіка Салі Болтан, выканаўчы дырэктар Усеангельскага клюба лаўн-тэнісу і кракету (AELTC), арганізатара Ўімблдону.

Каб удзельнічаць у сёлетніх спаборніцтвах, расейскія і беларускія спартоўцы павінны пагадзіцца прымаць удзел у іх у нэўтральным статусе, не рабіць заяваў у падтрымку вайны ва Ўкраіне і не атрымліваць фінансаваньне ад расейскай і/або беларускай дзяржаваў і кампаній, якія яны кантралююць.

Паводле яе, іншыя беларускія і расейскія тэнісісты, якія таксама жадаюць падпісаць адпаведную дэклярацыю, змогуць зрабіць гэта ажно да скрайняга тэрміну падачы заявак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК выступіў за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе
  • У 2022 годзе, пасьля ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і падтрымкі рэжымам Лукашэнкі гэтага ўварваньня, арганізатары Ўімблдону вырашылі не дапускаць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі да ўдзелу ў спаборніцтвах. Беларускія і расейскія тэнісісты, аднак, мелі магчымасьць удзельнічаць у іншых спаборніцтвах. У выніку Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) зьнялі з турніру рэйтынгавыя ачкі.
  • У сакавіку 2023 году Уімблдон абвясьціў, што зьняў татальную забарону, якая не дазваляла спартоўцам зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у чэмпіянатах пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Цяпер яны змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах пры падпісаньні асабістай дэклярацыі аб выкананьні вышэйназваных умоваў.